ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” накіравалі сумесны зварот у Канстытуцыйны суд Беларусі з просьбай выказацца адносна прававой нявызначанасці, у выніку якой журналістаў прыцягваюць да адказнасці па артыкуле 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У звароце падрабязна апісваюцца сітуацыі, калі беларускія суды накладаюць штрафы па артыкуле 22.9 КаАП (“Парушэнне заканадаўства аб СМІ”) на фізічных асобаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
У звароце адзначаецца, што артыкул 22.9 КаАП, а тым больш частка 2 дадзенага артыкула, прадугледжваюць адказнасць за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Згодна з дзеючым законам “Аб СМІ”, выраб прадукцыі СМІ з’яўляецца выключна прэрагатывай юрыдычнай асобы (п. 20 арт. 1).
У сувязі з гэтым ГА “БАЖ” просіць Канстытуцыйны суд прыняць рашэнне, у якім сфармуляваць канкрэтным дзяржаўным органам Беларусі прапановы па ўнясенні адпаведных зменаў у заканадаўства у сферы СМІ.
— Мы ўвесь час звяртаем увагу на тое, што дзейнасць міліцыі і судоў у пераследзе журналістаў па арт. 22.9 КаАП не адпавядае закону “Аб СМІ". Таму мы просім Канстытуцыйны суд звярнуць увагу дзяржаўных органаў на супярэчнасці ў заканадаўстве і прапанаваць кампетэнтным органам скасаваць супярэчнасці, тым самым спыніць пераслед журналістаў, — гаворыць юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў.
Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася ў Канстытуцыйны суд у справе пераследу журналістаў
Файлы
- obrashch_v_konstituc_sud.pdf (0.58 Mb)
Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася ў Канстытуцыйны суд у справе пераследу журналістаў