Судом Веткаўскага раёна 19 траўня быў вынесены прысуд ураджэнцу Украіны Кірылу Пятрэнку па крымінальнай справе аб арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Святлана Мажэйка.

Да суда Кірыл Пятрэнка знаходзіўся на волі, пад асбістым паручальніцтвам.

Па матэрыялах абвінавачання, Пятрэнка, з дапамогай мабільнага тэлефона ў мэсэнджары "Telegram", з'яўляючыся адміністратарам Telegram-канала " Чат. Гомсельмаш за свабодную Беларусь!" размясціў заклікі да ўдзелу ў страйку на тэрыторыі ААТ "Гомсельмаш".  13 жніўня 2020 года стварыў Telegram-канал, на  платформе якога  размяшчаў публікацыі, у якіх заклікаў да актыўнага ўдзелу ў забастоўцы на прадпрыемстве ў Гомелі, дзе сам працаваў. У створаным Telegram-канале  публікаваў і рэпосты з дэструктыўных каналаў і чатаў.

Ягоныя дзеянні цягнуць парушэнне нармальнай працы камерцыйнай арганізацыі, органаў дзяржаўнай улады і праваахоўных органаў, тым самым схіляў да ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады.

Прысудам суда абвінавачаны Пятрэнка прызнаны вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крыніца: За заклікі да забастоўкі на “Гомсельмашы” украінцу прысудзілі адзін год калоніі