У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу. У Мінску затрымалі Юлію Куксу. Пра гэта праваабаронцам паведаміла яе сваячка. Вядома, што прыкладна 3-4 месяцы таму Юлію ўжо судзілі за абразу суддзі, прызналі вінаватай і прызначылі ў якасці пакарання год “хатняй хіміі”. Сёння раніцою да яе прыйшлі следчыя і забралі. Куды – невядома. Родным затрыманай патлумачылі толькі тое, што прычына затрымання Юліі - удзел у шэсцях 2020-га года.

Затрыманні

Таксама ў Мінску затрыманы 19-гадовы хлопец. Яго імя і прозвішча ГУБАЗ не паведамляе. На праўладным тэлеграм-канале затрыманага паказваюць у адной бялізне і прымушаюць дэманстраваць татуіроўкі на целе. У раёне паясніцы хлопца выразна бачныя пачырванелыя плямы, максімальна падобныя на сляды ад удараў дубінкай. На камеру затрыманы кажа, што ён неанацыст, што з 2017 года з'яўляецца заўзятарам футбольнага клуба "Дынама-Мінск", і што ў далейшым абяцае звесці з цела татуіроўку "Чорнае Сонца". Дзе цяпер утрымліваюць хлопца і які артыкул яму інкрымінавалі, праваабаронцам невядома.

Стала вядома пра затрыманне адваката Віталя Брагінца Па інфармацыі Еўрарадыё, гэта адбылося яшчэ ўчора раніцай, ён нават не паспеў выйсці з дому. Затрыманне пацвердзілі калегі адваката. З чым яно звязанае — пакуль невядома. Віталь Брагінец - юрыст з 25-гадовым стажам. З 1996 па 2010 год узначальваў уласную кампанію «Брагінец і партнёры». Апошнім часам працаваў у юрыдычнай кансультацыі Дзяржынскага раёна.

У Гродне затрымалi Юрыя Давыдава. Што для гэтага стала нагодай - пакуль невядома. У праваабаронцаў есць дадзеныя толькі пра тое, што мужчыне 39 гадоў, і што пасля затрымання яго адпусцілі.

Таксама ў Гродне затрыманы Андрэй Чэрнікаў Пра гэта праваабаронцам паспеў паведаміць сам мужчына. Пра прычыны затрымання і яго цяперашняе месцазнаходжанне пакуль інфармацыі няма.

Ціск на зняволеных

З'явілася інфармацыя, што адвакат затрыманага амаль тыдзень таму дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых дагэтуль не можа сустрэцца са сваім падабаронным. Калегі расказалі Беларускай асацыяцыі жарналістаў, што невядома нават у чым канкрэтна вінавацяць Залатых. Нагодай для затрымання стала крымінальная справа па артыкуле 130 КК Беларусі - за распальванне варожасці. Дома ў Канстанціна, а таксама ў рэдакцыі прайшлі ператрусы. Рэдакцыя апячатаная. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне.

Стала вядома, што палітзняволенага актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава з 4 траўня адміністрацыя магілёўскай турмы ўтрымлівае ў карцары. Сёння яго ў чарговы раз пакаралі «суткамі». За тыдзень да чарговага спагнання ён выйшаў з карцару пасля 46 сутак запар. А зараз зноў змяшчаюць туды на 30 дзён. Мікіту караюць за адмову прыбіраць дворык падчас прагулкі.

Са жніўня 2021 года Мікіту Емяльянава змяшчалі ў карцар або ШІЗА агулам на 233 сутак — гэта амаль сем месяцаў у нечалавечых умовах без пасцельнай бялізны і штодзёнага шпацыру. Цяпер хлопец чакае разгляду апеляцыйнай скаргі.

Да 8 чэрвеня вы можаце падтрымаць яго грашовым пераводам і бандэролькамі, бо пасля этапу ў калонію гэта змогуць рабіць толькі сваякі. Падтрымайце палітвязня. Адрас такі: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Мікіце Емяльянаву.

Крыніца: Новыя затрыманні і ціск на зняволеных: хроніка пераследу 24 траўня