Адзін з трох апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты Бярозаўскага раённага Савету, цяперашні дэпутат Першамайскага сельскага Савету, сябра БХД Валерый Білібуха ў другі раз прэтэндуе на мандат у сельсавеце.
Аднак, па меркаванні кандыдата і жыхароў вуліц Паўднёвай, Садовай і Моладзевайу Кабаках, мясцовыя ўлады вырашылі адсекчы частку электарату, напрацаванага дэпутатам дваццаць у ягонай Жычынскай акрузе №9 па выбарах у сельсавет. У снежні, калі Білібуха атрымліваў пасведчанні для ініцыятыўнай групы і падпісныя лісты для вылучэння кандыдатам у сельсавет, стала вядома, што межы Жычынскай акругі №9, з якою працаваў дэпутат і меў намер працаваць далей, змянілі. У яе, акрамя вёсак Жычын і Вашчанка, уключылі вуліцу Саўгасную з Кабакоў замест вуліц Паўднёвай, Садовай і Моладзевай.
Жыхары вуліц Паўднёвай, Садовай і Моладзевайу Кабаках абурыліся такім рашэннем і склалі зварот у Першамайскую сельскую тэрытарыяльную, Бярозаўскую раённую, Брэсцкую абласную выбарчыя камісіі, а таксама ў ЦВК і Бярозаўскі раённы Савет дэпутатаў з патрабаваннямі вярнуць іх вуліцы назад у межы Жычынскай акругі. За тыдзень пад ім падпісаліся трыццаць чатыры асобы.
Аднак адказныя чыноўнікі не прыслухаліся да патрабавання жыхароў з гэтых Кабакоўскіх вуліц.
Так, у адказе з ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай тлумачыцца, што ў адпаведнасці з ВК РБ, выбарчыя акругі перад кожнымі выбарамі ўтвараюцца зноўку. Заканадаўства не абавязвае органы, якія ўтвараюць акругі, прытрымлівацца мінулых межаў акругаў, таму на чарговых выбарах колькасць акругаў і іх межы могуць змяняцца ў параўнанні з папярэднімі. Таму падстаў для задавальнення калектыўнай заявы, па меркаванні ЦВК, няма.
У сваю чаргу сам Валерый Білібуха накіраваў скаргі ў Першамайскую сельскую і Бярозаўскую раённую выбарчыя камісіі. У Першамайскай камісіі адказалі, што змена межаў была звязана з неабходнасцю ўладкавання тэрыторый акругаў №9,10,11 дзеля таго, каб не дапусціць утварэння выбарчай акругі з тэрыторый, якія не мяжуюцца паміж сабой, і каб упарадкаваць колькасць выбаршчыкаў. У адказе Бярозаўскай раённай камісіі таксама пазначана, што ў складзе Жычынскай акругі, па якой балатуецца Білібуха, захаваныя вуліца Саўхозная, дзе жыве кандыдат, і вёска Жычын, старастай якой ён з’яўляецца.
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяржук Русецкі лічыць, што праз такія дзеянні чыноўнікі вырашылі ізаляваць кандыдата ад людзей, з якімі той актыўна працаваў, і пазбавіць яго такім чынам падтрымкі выбаршчыкаў. Паводле Русецкага, фармальна ўлада не парушыла выбарчае заканадаўства, аднак праігнаравала жаданне і інтарэсы электарату.
Дарэчы Жычынская выбарчая акруга - амаль адзіная, дзе будуць праходзіць альтэрнатыўныя выбары. Па акруге было зарэгістравана дзве ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў — канкурэнцыю Валерыю Білібухе складзе мясцовы ветырынарны лекар.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Улады змянілі межы акругі, дзе балатуецца бярозаўскі апазіцыйны кандыдат. Выбаршчыкі абураныя