Працоўная сустрэча намесніка старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кента Харстэда з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці адбылася раніцай 23 студзеня ў Менску.
Пад час сустрэчы, у якой бралі ўдзел старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алег Гулак, былі абмеркаваныя пытанні агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Праваабаронцы закранулі тэму крымінальнага пераследу грамадскіх актывістаў, які мае палітычны падтэкст. Размова ішла пра крымінальную справу аб масавых беспарадках, па якой у мінулым годзе былі затрыманыя 35 асобаў, а таксама пра крымінальны пераслед лідэраў прафсаюзу РЭП Г. Фядыніча і І. Комліка.
Генадзь Фядыніч падкрэсліў, што праз гэтую крымінальную справу зараз здзяйсняецца ціск на вялікую колькасць прафсаюзных актывістаў па ўсёй краіне.
Асобна было закранутае пытаннне адміністратыўнага пераследу ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Па словах старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага, за 2017 год праваабаронцы зафіксавалі больш за 600 выпадкаў прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў. Прычым, з агульнай колькасці патрапіўшых пад пераслед, было больш за 250 арыштаў.
Што тычыцца выбараў у мясцовыя Саветы, старшыня БХК Алег Гулак паведаміў, што па выніках кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” істотных зменаў у арганізацыі і правядзенні выбарчага працэсу ў параўнанні з папярэднімі выбарамі назіральнікі не заўважаюць.
Дарэчы, тэма выбараў цікавіць Кента Харстэда даўно: ён узначальваў місіі ПА АБСЕ і каардынаваў працу кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ пад час парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Асобна было адзначана, што зараз у камерах смяротнікаў па звестках праваабаронцаў знаходзіцца шэсць асобаў. Для Беларусі, якая пазіцыянуе сябе як еўрапейская краіна, смяротнае пакаранне – гэта недапушчальна.
Праваабаронцы адзначылі наяўнасць сістэмнага грамадска-палітычнага крызісу ў краіне і падтрымалі ідэю шырокага дыялогу беларускага дэмакратычнага грамадства з уладамі пры пасярэдніцтве еўрапейскіх структур ці АБСЕ.
Толькі вось ці гатовыя да яго апошнія?