Ала Раманенка У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах,прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, аказваецца ціск на палітвязняў. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ціск на палітзняволеных

Адміністрацыя наваполацкай калоніі цісне на палітвязня Рамана Багнаўца, які адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі. Пра гэта паведаміла яго сястра. Яна распавяла, што больш за месяц не атрымлівала ад брата аніякіх звестах. І толькі некалькі дзен таму да яе дайшлі лісты ад Ромы, у якіх ён паведаміў, што ажно два тыдні яго ўтрымлівалі ў ШІЗА, і што ў хуткім часе яго могуць перавесці ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Акрамя гэтага, ён паведмляе, што адносіны адміністрацыі калоніі №1 да зняволеных апошнім часам вельмі пагоршыліся. Па словах Рамана, там «робяць усё дзеля таго, каб было сорамна за тое, што яны палітвязні».

Нагадаем, Рамана Багнаўца абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня (арт. 293 КК). Яго асудзілі па «пінскай справе» да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Падтрымаць Рамана можна лістамі салідарнасці і паштоўкамі. Адрас такі: ПК №1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Раману Анатольевічу Багнаўцу.

Палітзняволенага Аляксандра Нурдзінава перавялі ў крытую турму на два гады.

Нагадаем, Аляксандра асудзілі да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 і ч.2 арт. 293. Абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэсных акцыях 9-10 жніўня 2020 года, блакаванні дарог, узвядзенні барыкад і ў тым, што «кідаў расліннасць з кветнікаў у супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Вы можаце падтрымаць палітвязня і даслаць яму ліст. Адрас такі: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Аляксандру Андрэевічу Нурдзінаву.

Палітвязню Уладзіміру Коласу ўзмацнілі рэжым і перавялі з «хіміі» ў магілёўскую турму. Прычына - «парушэнне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове». Цяпер ён будзе адбываць тэрмін у магілёўскай турме №4.

Уладзіміра асудзілі на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК). Трэцяга красавіка 2021 Коласа затрымалі, змясцілі ў ІЧУ, а затым этапавалі да месца адбыцця пакарання. З 14 красавіка палітвязень знаходзіўся ў папраўчай установе №46.

Падтрымайце Уладзіміра лістамі салідарнасці. Адрас такі: турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Уладзіміру Сяргеевічу Коласу. 

Таксама праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што апошнім часам у гродзенскай турме некаторым сваякам палітвязняў адмаўляюць у перадачах і спатканнях. Вяьзням нельга перадаць нават кнігі. З чым звязана такое абмежаванне, пакуль невядома. Адміністрацыя турмы адказвае толькі адно: «Не положено!».

Папаўненне ў спісе экстрэмістаў

Стала вядома, што суд Ленінскага раёна Гродна вынес рашэнне аб прызнанні кнігі «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», якая выйшла ў сталічным выдавецтве «Харвест» у 2019 годзе, экстрэмісцкай. Яна ўключана ў адпаведны спіс, размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі. Аўтар гэтай кнігі - Віктар Ляхар. Ён вядомы беларускі геральдыст, член Міжнароднага саюза дызайнераў, які шмат гадоў уваходзіў у склад Геральдычнай рады пры прэзідэнце. Дарэчы, гэта ён распрацаваў сімволіку для многіх дзяржорганаў, у тым ліку сілавых. Так, менавіта яму належыць аўтарства эмблем большасці структур МУС, якія ён распрацаваў яшчэ ў нулявыя гады, у тым ліку эмблемы ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК і Дэпартамента аховы.

Новыя затрыманні

Стала вядома пра затрыманне Арсенія Пахомава. «Пакаяльнае» відэа з ім з’явілася на праўладным тэлеграм-канале.

На ім мужчына кажа, што яму 35 год, ён часова беспрацоўны, і што затрымалі яго за тое, што ён «распаўсюджваў дэструкрыўную інфармацыю пра вайну ва Украіне».

ГУБАЗіК таксама паведаміў, што па начах затрыманы нібыта расклейваў налепкі з забароненымі выявамі. У якасці доказу віны Арсенія сілавікі размясцілі ў тэлеграм-канале фотаздымкі з кватэры затрыманага. На іх сцяг Украіны, бел-чырвона-белыя значкі і стужачкі, значкі з надпісамі «Белсат», «Выбары 2006. Назіральнік», сцяг ЗША, сцяг Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, налепкі з надпісам «Не смяротнаму пакаранню», «Баста», пасведчанне (напэўна, ужо несапраўднае) супрацоўніка «Нашай Нівы» і туалетная папера з партрэтам-шаржам Пуціна. Дзе зараз утрымліваюць Арсенія, пакуль невядома.

Праваабаронцы даведаліся пра затрыманне ў Мінску ўладальнікаў агенцтва нерухомасці КУБ - мужа і жонкі Васіля Раманенкі і Алы Раманенкі. Учора, 20 красавіка, дадому да іх уварваліся супрацоўнікі ГУБАЗ і САХР.

Вядома, што Васілю прад'явілі абвінавачанні па крымінальным артыкуле 361 -1 «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім». Мужчына быў зарэгістраваны у плане «Перамога». У чым дакладна абвінавачваюць Алу, пакуль невядома.

Па словах сваякоў затрыманых, жанчына ў плане «Перамога» зарэгістраваная не была, але ў сацсетках пакінула некалькі пастоў, якімі выказала сваю пазіцыю супраць вайны ва Украіне. Вядома, што дома ў мужа і жонкі правялі агляд, канфіскавалі жорсткі дыск.

Па дадзеных, якімі валодаюць сваякі Алы і Васіля, ноч пасля затрымання яны правялі на Акрэсціна. Ёсць звесткі, што сёння, 21 красавіка, над імі павінен адбыцца суд.

Стала вядома, што актывіст прафсаюза РЭП Вацлаў Арэшка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Нагадаем, 19 красавіка з’явілася інфармацыя пра ператрусы ў офісах і кватэрах лідэраў незалежных беларускіх прафсаюзаў, затрыманні кіраўнікоў і актывістаў прафсаюзнага руху.

Наступ на незалежны прафсаюзны рух: што вядома па стане на 21 красавіка

У СІЗА КДБ знаходзяцца чацвёра актывістаў незалежных прафсаюзаў, некалькі чалавек не выходзяць на сувязь, дакладна вядома пра яшчэ 6 затрыманых актывістаў.

У Мазыры затрымалі мужчыну, якога завуць Уладзіслаў. Яго прозвішча праваабаронцы пакуль не ведаюць. На праўладным тэлеграм-канале ГУБАЗ размясціў відэа, на якім бачна, што мужчыну затрымалі ў яго дома. Сілавікі ўрываюцца ў кватэру, кідаюць мужчыну тварам у падлогу, заломваюць рукі за спінай, пытаюцца яго імя, а калі той адказвае, цынічна кажуць: «С Днем рождения, Владислав». Далей запісваць відэа працягваюць ужо ў машыне.

Затрыманы мужчына ў відавочна прыгнечаным стане гаворыць, што ён 1977-га года нараджэння, жыве ў Мазыры, прызнаецца, што абразіў у каментарах супрацоўніка ГУБАЗ, раскайваецца і выбачаецца за свой учынак. Таксама мужчына сазнаецца, што «распаўсюджваў малюнкі, якія абражаюць прэзідэнта і супрацоўнікаў міліцыі». Напрыканцы відэа затрыманы пацвярджае, што ён сапраўды затрыманы ў свой Дзень народзінаў. Меркавана, гэта адбылося 20 красавіка. Менавіта гэтым днём датавана відэа, якое з Уладзіславам запісаў ГУБАЗ.

Паведамляецца, што мужчыну прад'явілі абвінавачванне па крымінальным артыкуле 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».

Затрыманы 39-гадовы інжынер Мінскай дыстанцыі арганізацыі сувязі БЧ. З мужчынам ГУБАЗ запісаў «пакаяльнае» відэа, на якім ён гаворыць, што ў 2020-м годзе «браў удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а да нядаўняга часу быў падпісаны на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, з якіх рабіў рэпосты». Нібыта, за гэта мужчыну і затрымалі. Яго імя і прозвішча на відэа не прагучалі.

ГУБАЗ паведамляе, што фотаздымкі з пратэстных маршаў чыгуначнік са свайго тэлефона выдаліў, але пасля затрымання сілавікі іх аднавілі. Таксама яны нібыта вылічылі, што нядаўна ў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах мужчына цікавіўся відэаролікамі пра тое, як сапсаваць чыгуначнае абсталяванне. На затрыманага завялі крымінальную справу па арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Дзе зараз знаходзіцца мужчына, праваабаронцы пакуль не ведаюць.

Крыніца: Ціск на палітзняволеных, новыя экстрэмісты і затрыманні: хроніка пераследу 21 красавіка