Андрэй Любецкі. Фота: "Наша Ніва" У Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд вядомаму хірургу, палітвязню Андрэю Любецкаму. Суддзя Святлана Чарапанава асудзіла лекара да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Менавіта такое пакаранне запрасіла для Любецкага пракурорка Жана Баранава. Нагадаем, таксама яна прадстаўляла бок дзяржабвінавачання на судзе шматдзетнай маці Вольгі Залатар.

Сківічнага хірурга, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай бальніцы ў Мінску і быў валанцёрам каля Акрэсціна, затрымалі 4 мая 2021 года.

У чым хірурга прызналі вінаватым?

Следчы камітэт кваліфікаваў дзеянні Андрэя Любецкага па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • арт. 342
  • арт. 130
  • арт. 369
  • ч. 1, 2 арт. 368

Па версіі следства, хірург "публічна выказваўся аб прынятым рашэнні парушыць дадзеную ім медыцынскую клятву... і ўсяляк перашкаджаў аказанню медыцынскай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і членам іх сем'яў, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеянняў". Таксама яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў васьмі пратэстных акцыях (13, 17, 20, 23, 27 і 30 верасня, а таксама 4 і 25 кастрычніка 2020 года), і напісанні паведамленняў у сацсетках, якія кваліфікавалі як абразы і распальванне варожасці.

Пракурорка запрасіла для палітзняволенага хірурга Андрэя Любецкага пяць гадоў пазбаўлення волі

"Усе, да чаго я заклікаў, — каб на нашыя патрабаванні звярнулі ўвагу. Грамадзяне супраць гвалту. Народ усё адно даможацца праўды і справядлівасці шляхам мірнага дыялогу", — сказаў Андрэй Любецкі.

«Як прыстойны чалавек, я не магу маўчаць»

Як прайшоў першы дзень суда над хірургам Андрэем Любецкім.

«Мае досвед, веды і ўменні спатрэбіліся б шматлікім людзям, калі я буду на волі і буду займацца тым, чым займаўся 23 гады. [У мяне] вельмі эксклюзіўная спецыялізацыя, і ў Беларусі спецыялістаў майго ўзроўню можна пералічыць на пальцах адной, максімум дзвюх рук, — сказаў хірург у апошнім слове. — Што датычыцца дэнтальнай імплантацыі, то і ў гэтай галіне дасягнуў дастаткова вялікіх вышынь. Я толькі канстатую факты, у тым ліку аб тым, што на лячэнне прыязджалі людзі з усёй Беларусі, і ў тым ліку з-за мяжы. Акрамя таго, з-за мяжы звярталіся тыя, каму адмаўлялі з-за складаных сітуацый ці мэтанакіравана рэкамендавалі звярнуцца менавіта да мяне».

Крыніца: Палітзняволенага хірурга Андрэя Любецкага асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі