На чарговым паседжанні Мінскай гарадской выбарчай камісіі па правядзенню выбараў ў мясцовыя Саветы, былі разгледжаныя 17 зваротаў прэтендэнтаў у кандыдаты Мінскага гарсавета, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў раённымі тэрытарыяльнымі камісіямі.
Разгляд скаргаў праходзіў пры прысутнасці назіральнікаў ад БХК, Беларускага ГА ветэранаў і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Святланы Гайдук.
Па інфармацыі назіральніцы Валянціны Свяцкай, з 17 разгледжаных скаргаў 4 прэтэндэнтам адменена рашэнне раённых выбарчых камісій і яны зарэгістраваны з фармулёўкай:
- Адмяніць рашэнне раённай выбарчай камісіі,
- Зарэгістраваць у якасці кандыдатаў ў дэпутаты па адпаведных акругах,
- РВК выдаць пасведчанні кандыдатам у дэпутаты і прадставіць магчымасць выступу па ТВ і радыё.
Сярод іх – актывісты Руху “За свабоду” Андрэй Кушняроў і Мікіта Семяненка, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў. У апошняга раённая выбарчая камісія знайшла незадэклараваную кватэру, пазней высветлілася, што яна яму не належыць. Таксама адмененае рашэнне аб нерэгістрацыі актывісткі ставараемай партыі БХД Галіны Каржанеўскай, якая вылучалася па Матусевіцкай выбарчай акрузе №3.
Чацверты зарэгістраваны кандыдат – Аляксандр Камароўскі (Каліноўская выбарчая акруга №49, Першамайскага раёна Мінска).
Акрамя таго, прэтендэнту Аляксандру Галавачу, якому было адмоўлена ў рэгістрацыі па Мендзялееўскай выбарчай акрузе №55 (Партызанскі раён) маглі таксама адмяніць рашэнне раённай ВК па прычыне таго, што раённая інспекцыя па падатках падала недакладныя звесткі на патрабаванне камісіі праверыць дэкларацыю аб даходах, але Галавач не прадставіў пісьмовае тлумачэнне рэгіянальнай падаткавай інспекцыі на конт зробленай памылкі. Таму рашэнне РВК пакінута ў сіле, але яму прапанавана як мага хутчэй звярнуцца ў суд з поўным пакетам дакументаў доказу ягонай праваты.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Крыніца: Мінск: Чацвёра прэтэндэнтаў ў кандыдаты змаглі абскардзіць рашэнні аб адмове ў рэгістрацыі