Яўген Шэмякоў. Фота з сацыяльных сетак. Суд Савецкага раёна Мінска завяршыў 18 сакавіка разгляд крымінальнай справы жыхара гарадскога пасёлка Акцябрскі, прадпрымальніка Яўгена Шэмякова па абвінавачванні яго ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК).

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Воўк, дзяржабвінаваўца – пракурорка Анастасія Маліко.

Паводле абвінавачання, Яўген Шэмякоў, 1991 года нараджэння, 25 кастрычніка 2020 года, знаходзячыся ў Мінску, у тым ліку, на праспектах Пераможцаў і Машэрава, а таксама вуліцы Максіма Багдановіча, дзейнічаючы сумесна з групай неўстаноўленых асоб, прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, спалучаных з непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Выкрыкваў лозунгі, выкарыстоўваў пратэсную сімволіку, рухаўся ў складзе калоны па праезнай частцы вуліц.

У выніку – парушылася праца грамадскага транспарту і прадпрыемстваў.

Паводле акта №756, 25 кастрычніка з 13:30 па 19:00 па вуліцы Арлоўская, праспектах Пушкіна і Пераможцаў, вуліцы Сурганава і Багдановіча,адбывалася спыненне працы грамадскага транспарту. Дзеянні абвінавачанага падцвяржаюцца шматлікімі фота і відэадоказамі.

Сваю віну ў ходзе судовага працэсу Шэмякоў прызнаў цалкам, патлумачыў што сапраўды ў той дзень і пазначаны час знаходзіўся ў Мінску.

У мабільным тэлефоне абвінавачанага ўстаноўлена наяўнасць фотаздымкаў з акцыі пратэсту, бачны бел-чырвона-белы сцяг на ягоных плячах.

У судзе былі заяўленыя зыскавыя патрабаванні аб спагнанні ўрону, прычыненага камунальнаму транспарту ў памеры 62 908 рублёў і 83 капейкі.

Суд пастанавіў: прызнаць Яўгена Шэмякова вінаватым  і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Суд прызнаў таксама права за КУП "Мінсктранс" на задавальненне зыску ў парадку грамадзянскай судавытворчасці.

Мера стрымання змененая на падпіску аб нявыездзе і Шэмякоў вызвалены з-пад варты да ўступлення прысуду ў законную сілу.

Рэчавы доказ - партмане для дакументаў з выявай "Пагоні" - канфіскаванае пад час ператрусу, знішчыць.

Крыніца: Тры гады “хіміі” прысудзілі жыхару Акцябрскага за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску