Праваабаронцам стала вядома пра вынікі судовага разбіральніцтва па справе Святланы Астравінскай, якую абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".
Судовае пасяджэнне ўзначальвала Ірына Прадун. Вядома, што ўказам Лукашэнкі ад 7 верасня 2021 года яна прызначана суддзёй і старшынёй суда Рагачоўскага раёна тэрмінам на пяць год. Раней Прадун займала пасаду намесніцы старшыні і суддзі суда Жлобінскага раёна, дзе "праславілась" вынясеннем палітычна матываваных абвінаваўчых прысудаў у дачыненні да мірна пратэстуючых беларусаў.
54-гадовую Святлану Астравінскую абвінавачваюць у тым, што ў лістападзе мінулага года ў Аднакласніках яна напісала не самы добры каментар пра Лукашэнку і зрабіла яго даступным для ўсіх карыстальнікаў сацсеткі. Пра які менавіта каментары ідзе гаворка, праваабаронцам невядома.
Вядома толькі, што раней жанчыну ўжо двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 2 арт. 19.11 "Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, або якая прапагандуе такую дзейнасць".
Падчас судовага пасяджэння абвінавачаная цалкам прызнала сваю віну.
16 сакавіка суд Рагачоўскага раёна прызнаў Святлану Астравінскую вінаватай у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і прысудзіў ёй адзін год калоніі агульнага рэжыму. Мабільны тэлефон, з якога жанчына напісала той самы каментар у Аднакласніках, суд пастанавіў канфіскаваць на карысць дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства.
Пакуль прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. |
Крыніца: Усяго за адзін нядобры каментар пра Лукашэнку жанчыну з Рагачова пакаралі годам калоніі