17 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска разгледзеў справу палітзняволенай Марыі Неўдах.
Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Жанна Хвайніцкая.
Дзяўчыну абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх".
Вядома, што Марыне Неўдах 37 гадоў. Паводле адной з адукацый яна журналістка. Паспела стаць нават кандыдаткай тэхнічных навук. З 2015 года працавала ў EPAM тэсціроўшчыцай праграмнага забеспячэння. Разам з мужам выхоўвала дваіх дзяцей, якім на момант яе затрымання было 9 і 11 гадоў.
Вядома, што ў 2020 годзе Марыну двойчы затрымлівалі і судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў 23.34 "Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў" і 23.4 "Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў". Абодва разы жанчыну каралі штрафамі.
Праз падазрэнне ў здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле ч.1 арт. 342 жанчыну арыштавалі 16 снежня 2021 года. Прыйшлі проста дадому. Праверылі тэлефон, зладзілі ператрус, затрымалі на вачах у дзяцей і павезлі спачатку ва УСК па Мінску, а потым на Акрэсціна, дзе стварылі для яе невыносныя ўмовы знаходжання. Вельмі хутка ў жанчыны пахіснулася здароўе і яна захварэла.
Пазней Марыну перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе і пратрымалі да суда.
29 снежня 2021 года праваабарончая супольнасць прызнала Марыну Неўдах палітзняволенай з патрабаваннем неадкладна вызваліць яе з-пад варты.
На жаль, падрабязнасцяў з залы суда ў праваабаронцаў няма. Але мяркуючы па звестках, якія "Вясна" мае дзякуючы крыніцам, блізка знаёмым з гісторыяй Марыны, можна казаць пра тое, што, па сутнасці, усе тры разы жанчыну судзілі за тое, што пасля абвяшчэння вынікаў выбараў-2020 яна не змагла з імі змірыцца і гэтак жа, як і тысячы іншых беларусаў, выяўляла сваю нязгоду словам і справай. За што і апыналася на лаве падсудных.
17 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска прызнаў Марыну Неўдах вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх" і прызначыў ёй у якасці пакарання абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады плюс штраф, дакладны памер якога праваабаронцам пакуль невядомы.
"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і на Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. |