У новым рэйтынгу грамадзянскіх і палітычных свабод Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца ў групе несвабодных краін. Апублікаваны 16 студзеня рэйтынг падрыхтаваны міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Freedom House і ацэньвае сітуацыю ў 195 дзяржавах, паведамляе БелаПАН. Разам з Беларуссю ў групу несвабодных краін уваходзяць Расія, Казахстан, Узбекістан, Туркменістан, Турцыя, Казахстан, Іран, Сірыя, Кітай, Венесуэла, Егіпет, Куба, Маўрытанія, Алжыр, Саудаўская Аравія, Емен, Ірак, Афганістан, Чад, Самалі, Эфіёпія, Судан, Зімбабве, Ангола, Конга, Габон, Камерун, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Тайланд, В`етнам, Лаос, Камбоджа.
Сярод найбліжэйшых суседзяў Беларусі часткова свабоднай прызнаная Украіна, свабоднымі — Польшча, Літва, Латвія.
25% усіх краін прызнаныя несвабоднымі, 30% — часткова свабоднымі, 45% — свабоднымі.
"У 2017 годзе дэмакратыя сутыкнулася з самым сур`ёзным крызісам апошніх дзесяцігоддзяў, бо яе асноўныя прынцыпы, уключаючы гарантыі свабодных і справядлівых выбараў, правы меншасцяў, свабоду друку і вяршэнства закону, зведалі напад па ўсім свеце", — адзначаюць праваабаронцы.
Скарачэнне грамадзянскіх і палітычных свабод зафіксаванае ў 71 краіне, толькі ў 35 ёсць паляпшэнне паказчыка свабоды.
Крыніца: Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца ў групе несвабодных краінаў