Алесь Чахольскі Вярхоўны суд разгледзеў скаргу Аляксандра Чахольскага на пастанову суда Фрунзенскага раёна ад 12 ліпеня 2017 года аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел 3 сакавіка 2017 года ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў абарону "Курапатаў".

У сваёй скарзе актывіст адзначаў, што сваёй віны ў здзяйсненні правапарушэння ён не прызнаў, а судом Фрунзенскага раёна г. Мінска, а потым Мінскім гарадскім судом і старшынёй Мінскага гарадскога суда не нададзена належнае ўвагу таму, што з пачатку адміністрацыйнага працэсу ён быў пазбаўлены права на атрыманне юрыдычнай дапамогі, што з'яўляецца падставай для адмены пастановы суда.

Больш за тое, вышэйстаячымі інстанцыямі пакінута без увагі і не дадзена ацэнка парушэнню судом Фрунзенскага раёна г. Мінска ў ходзе разгляду справы права Аляксандра Чахольскі на карыстанне роднай мовай.

"Падчас разгляду ў дачыненні да мяне адміністрацыйнай справы 12 ліпеня 2017 года ў судзе Фрунзенскага раёна г.Мінска мною было пададзена хадайніцтва аб прадастаўленні паслуг перакладчыка, паколькі мне не была зразумелай мова судаводства, якую абраў суддзя Андрэй Млечка падчас разгляду. Ён адмовіў у вядзенні працэсу на беларускай мове, а таксама ў прадстаўленні паслуг перакладчыка. Суддзя сваё рашэнне аргументаваў тым, што Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь замацаваны дзве дзяржаўныя мовы. Паколькі я з'яўляюся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, я абавязаны разумець дзве дзяржаўныя мовы, у сувязі з чым, маё хадайніцтва з'яўляецца неабгрунтаваным.

Лічу, што сваім адказам суддзя Андрэй Млечка зняважыў маё пачуццё нацыянальнага гонару, дыскрымінаваў мяне ў праве на валоданне і карыстанне роднай беларускай мовай. Фактычна ён прызнаў мяне, чалавекам другога гатунка, на маёй роднай беларускай зямлі, дзе я нарадзіўся і жыву, чым абразіў мяне як беларуса па нацыянальнасці ў краіне пад назвай Беларусь", - указаў у сваёй скарзе Аляксандр Чахольскі.

Вярхоўны суд у сваім адказе адзначыў, што абставіны правапарушэння даследаваныя ўсебакова, поўна і аб'ектыўна, доказы ацэнены належным чынам і падвяргаць сумневу высновы суддзі А. Млечка падстаў не маецца.

"З матэрыялаў справы відавочна, што вы ў дастатковай ступені валодалі мовай, на якой вёўся адміністрацыйны працэс, мелі права даваць тлумачэнні па сутнасці справы на беларускай або рускай мовах і не былі пазбаўленыя магчымасці ўдзельнічаць у судовым разглядзе, аднак залу суда пакінулі", - сцвярджае у адказ на скаргу намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка лічыць, што сітуацыя, у якой апынуўся Аляксандр Чахольскі 12 ліпеня 2017 года ў судзе Фрунзенскага раёна г.Мінска, калі суддзя адхіліў яго хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове і адмовіў у прадастаўленні паслуг перакладчыка, паколькі ён як грамадзянін павінен валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі, падалася досыць цікавай з пункту гледжання таго, наколькі беларускае заканадаўства і практыка яго прымянення ўтрымлівае працэсуальныя гарантыі рэалізацыі чалавекам свайго права на карыстанне адной з дзяржаўных моваў, якой з'яўляецца беларускай, у адносінах з судовай сістэмай.

«Я не гатовы пагадзіцца з тым, што ацэначная фармулёўка, якая была дадзена Вярхоўным судом, знаходзіцца ў рамках прававога поля і мае на ўвазе магчымасць рэалізацыі чалавекам свайго права на карыстанне ў адносінах з судовай сістэмай адной з дзяржаўных моваў, у прыватнасці беларускай, на практыцы. Да таго ж, дадзеная фармулёўка паказвае на нежаданне кіраўніцтва судовай сістэмы прызнаваць памылку сваіх падначаленых, паколькі Закон "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь" не ўтрымлівае нормы аб тым, што грамадзянін павінен валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі», - падкрэслівае юрыст.

Ён адзначае, што праводзячы аналогію з Законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў", у якім замацаваны абавязак службовай асобы дзяржаўнага органа даць пісьмовы адказ грамадзяніну на мове яго звароту, можна зрабіць выснову аб тым, што працэсуальнае заканадаўства не ўтрымлівае падобнай гарантыі для чалавека, у дачыненні да якога вядзецца адміністрацыйны працэс.

«Адсутнасць выразнага прававога рэгулявання магчымасці рэалізаваць права чалавека на карыстанне ў адміністрацыйным працэсе адной з дзяржаўных моваў, у прыватнасці беларускай, і прыводзіць на практыцы да парушэння прынцыпу роўнасці дзвюх дзяржаўных моў і ставіць чалавека ў слабае становішча перад судовай сістэмай, якая выступае ад імя дзяржавы», - кажа Аляксей Лойка.

У выпадку з Аляксандрам Чахольскім ПЦ "Вясна" працягне змагацца за яго правы, выкарыстоўваючы ў далейшым міжнародна-прававыя механізмы абароны правоў чалавека, аказваючы яму комплекснае юрыдычнае кансультаванне і дапамогу.

Крыніца: Вярхоўны суд не абараніў права Аляксандра Чахольскага на вядзенне працэсу па-беларуску