У ходзе аналізу рашэння Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта “Аб вызначэнні ў г. Мінску месцаў для ажыццяўлення перадбыварчай агітацыі пры правядзенні выбараў ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў дваццаць восьмага склікання” прынятага 4 студзеня 2018 года, назіральніца Валянціна Свяцкая не ўбачыла адрозненняў ад аналагічных рашэнняў мінулых выбарчых кампаній. Яна адзначае ідэнтычнасць сёлетняга дакумента з прынятымі ў 2015 і 2016 гадах.
“У прынятым ў гэтым годзе рашэнні няма ні новых забарон, ні новых дазволаў. Хіба што па месцах для агітацыі маюцца некаторыя змены", – падкрэслівае назіральніца.
Што тычыцца пляцовак для інфармацыйных стэндаў, Валянціна Свяцкая адзначае, што найбольшыя змены адбыліся ў Кастрычніцкім раёне Мінска. Гэта можна патлумачыць тым, што менавіта на яго тэрыторыі разгорнута будаўніцтва трэцяй лініі метро, рэканструкцыя і будаўніцтва новых жылых мікрараёнаў на месцы прамысловай зоны. Часткова будаўнічыя работы закранулі і Ленінскі раён сталіцы. Таму і з’явіліся новыя пляцоўкі для размяшчэння выбарчых інфармацыйных стэндаў.
Цалкам параўнальны аналіз месцаў для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі і размяшчэння інфармацыйных матэрыялаў па г. Мінску прыводзіцца ў прыведзеным ніжэй дакуменце.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Назіральніца пра месцы для перадбыварчай агітацыі ў Мінску: Ні новых забарон, ні новых дазволаў