Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 25 студзеня працягваюцца затрыманні грамадзян і правядзенні ператрусаў у іх, ціск на палітвязняў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Ціск працягваюць ўжываць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Рэдактара баранавіцкага выдання Intex-Press Уладзіміра Янукевіча пакаралі штрафам за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Уладзімір Янукевіч. Фота: БАЖ
Уладзімір Янукевіч

Як патлумачыў Уладзімір Янукевіч, справа датычыцца не выдання Intex-Press, а другога прадпрыемства — ПУП «Цэнтр Рунь», якое займаецца рэкламай.

«Я з’яўляюся дырэктарам і ў ім, і ў ТАА "Выдавеці дом “Інтэкс-прэс”, — распавёў Уладзімір Янукевіч. — Калі падчас ператрусу з гэтых прадпрыемстваў забралі тэхніку, то ў адным планшэце знайшлі нібыта забароненую інфармацыю».

Рэдактар быў пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічынь (640 рублёў). Акрамя таго, паводле рашэння суда, на карысць дзяржавы быў канфіскаваны ягоны планшэт.

Замест медыцынскай дапамогі — ШІЗА. Палітвязень Яўген Бароўскі так і не атрымаў лячэння ў калоніі

barouski_zhonka.jpg
Яўген і Вераніка Бароўскія

Праваабаронцам стала вядома, што палітзняволенага Яўгена Бароўскага змясцілі ў штрафны ізалятар замест таго, каб аказаць яму неабходную медыцынскую дапамогу. Раней Вераніка Бароўская распавяла, што стан мужа цяжкі:

«Яго нос апухлы, ён страшэнна кашляе і ў яго баліць галава, бо, хутчэй за ўсё, ужо пачаўся гаймарыт».

Учора Вераніка ездзіла ў калонію і пакінула скаргі.

Нагадаем, Яўгена асудзілі да 4 гадоў калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 364 і арт. 342. Пад час разгону 11 кастрычніка 2020 на "Маршы гонару" каля станцыі метро “Пушкінская” ён і яшчэ трое абвінавачаных, як вынікае з матэрыялаў следства, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.

Адрас для падтрымкі Яўгена: ПК №15. 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Яўгену Леанідавічу Бароўскаму

Тэлеграм-канал "Вясны" з'явіўся ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў

У дакуменце пазначана, што інфармацыйныя прадукцыя тэлеграм-канала «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адпаведнае рашэнне 29 снежня прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля.

Адзначым, што іншых сацыяльных сетак «Вясны» і нашага сайта ў спісе «экстрэмісцкіх» няма.

Крыніца: Штраф, ціск, экстрэмісцкія матэрыялы: хроніка палітычнага пераследу 25 студзеня