Пётр Анісімовіч. Фота: Гарадзенская праваабарона. У судзе Гарадзенскага раёна 25 студзеня разглядалася крымінальная справа Пятра Анісімовіча, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу.

Справу разглядала суддзя Жанна Сафарэвіч, дзяржабвінавачанне падтрымлівала пракурорка Іна Кунікава.

У якасці пацярпелага выступаў на той момант намеснік начальніка Кобрынскага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадрах падпалкоўнік міліцыі Віктар Турчыновіч.

Па матэрыялах абвінавачання, 26 жніўня 2020 года, знаходзячыся на тэрыторыі Гродзенскага раёна, з выкарыстаннем мабільнага тэлефона Хуавей у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” пад паведамленнем Андрэя Ломшы "Вось яшчэ адна мярзота збівае людзей у ІЧУ Кобрына" з фатаграфіяй пацярпелага і яго дадзенымі, пакінуў абразлівы каментар, які носіць негатыўны характар ненарматыўнай лексікі - "дзярмо". 

Дарэчы, і вышэйзгаданы жыхар Баранавіч Андрэй Ломша таксама прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за абразу камандзіра ўзвода Лісіцы і таго самага Віктара Турчыновіча.

Ад паслуг адваката Пётр Анісімовіч адмовіўся.

Пад час судовых спрэчак абвінавачаны сваю віну не прызнаў, заявіўшы, што пад гэтым пастом было многа негатыву і абразаў, а ён, з мэтай спынення гэтага негатыву, напісаў слова "дзярмо", прычым ён напісаў гэта ў адказ Андрэю Ломшу.

Ніякага намеру, каб абразіць не меў, фатаграфіі пацярпелага ён не бачыў, а проста пакінуў сваё паведамленне пад негатыўнымі каментарамі, каб спыніць іх далейшае напісанне.

На папярэднім следстве Анісімовіч спачатку казаў, што быў абураны дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі і магчыма з гэтай нагоды зрабіў паведамленне. А ўжо ў судзе растлумачыў, што ён пакінуў каментар не ў дачыненні да пацярпелага, а ў сувязі з сітуацыяй і абстаноўкай у “Аднакласніках”.

Пацярпелы Турчыновіч на суд не з'явіўся, прасіў разгледзець справу ў яго адсутнасць, заявіў матэрыяльны пазоў на суму 1 000 рублёў.

Анісімовіча раней судзілі ў тым жа судзе за выяву герба "Пагоня" на фасадзе ўласнага дома. Тады, 15 траўня 2021 года судддзя Дзмітрый Грышын пастанавіў пакараць Анісімовіча штрафам у памеры 100 базавых велічынь.

Пракурорка, улічваючы абцяжарваючыя абставіны і тое, што злачынства здзейсненае па матывах палітычнай і расавай варажнечы, запрасіла для Анісімовіча два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Арышт з маёмасці не здымаць да задавальнення матэрыяльнага пазову, пазоў задаволіць у межах разумнасці і справядлівасці.

Суд пастанавіў: прызнаць Анісімовіча вінаватым і пакараць абмежаваннем волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Задаволіць маральны пазоў у памеры 1 000 рублёў.

Крыніца: Два гады "хіміі" Пятру Анісімовічу за негатыўны каментар у адрас кобрынскага падпалкоўніка