Леанід Судаленка перад вынясеннем прысуда 18 студзеня – роўна год, як кіраўнік Гомельскага аддзялення “Вясны” Леанід Судаленка знаходзіцца за кратамі. Там жа ён адзначыў свой 55 дзень народзінаў. 3 лістапада суд Цэнтральнага раёна горада пакараў праваабаронцу трыма гадамі пазбаўлення, а 14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў яго апеляцыйную скаргу.

Леаніда затрымалі па дарозе на офіс і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

Як распавёў у сваіх лістах на волю Судаленка, у віну яму ставіліся:

  • эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за "беспарадкі”;
  • відэа на ютубе з "Рудабельскай паказухі", дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
  • заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак;
  • семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
  • аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.

У абарону Леаніда Судаленкі і за яго безумоўнае вызваленне выступілі шматлікія міжнародныя арганізацыі: Amnesty International, Front Line Defenders, Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў ды інш. 

Хто такі Леанід Судаленка?

У прафесійным багажы Леаніда Судаленкі, гомельскага праваабаронцы з рэзкім характарам і цвёрдым позіркам, — больш за 30 выйгранных спраў у Камітэце ААН па правах чалавека.

У адным з інтэрв’ю Леанід Судаленка адзначаў, што “выпадковых людзей у праваабароне няма, усё пачынаецца з характару”:

“Я заўсёды ў сваім характары адчуваў адасобленасць. Ёсць выслоўе: “жар-птушка стаяй не лётае”, я не жар-птушка, але таксама не схільны да калектывізму. Я — індывідуаліст, сам прымаю рашэнні, у сям’і я галоўны, маё слова — закон”.

Леанід Судаленка нарадзіўся ў Брагінскім раёне, скончыў вясковую школу, і ўжо тады ў яго была адчувальная схільнасць да гуманітарных навук.

Пасля службы ў войску ў ГДР Леанід вярнуўся дадому, пайшоў працаваць, а потым паступіў на юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля працаваў юрыстам буйной сеткі гомельскіх цырульняў “Локан”, затым — юрыстам у абласным упраўленні “Белтрансгазу”. Але цікаўнасць да грамадска-палітычнага жыцця звяла на іншы шлях.

У 2006 годзе Леанід Судаленка падтрымліваў кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. А тут акурат скончыўся яго працоўны кантракт у “Белтрансгазе”.

“Начальнік выклікаў і сказаў, што прыйшлі на мяне адпаведныя паперы і трэба звальняць. Ён можа не звольніць, але ў выніку і сам страціць працу. У нас з ім былі добрыя адносіны і мы без канфліктаў “разышліся”, — згадваў праваабаронца.

Судаленку запрасілі на працу інспектарам у незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

Праваабаронца за кратамі: дармаеды, КПЧ ААН, агуркі і РЭП — знаёмімся з Леанідам Судаленкам у падкасце “Вясна прыйдзе”

У 23-м выпуску праваабарончага падкаста “Вясна прыйдзе” прапануем вам даведацца больш пра асобу і дзейнасць Леаніда Леанідавіча Судаленкі.

Таксама з 2006 года Судаленка пасля прапановы Алеся Бяляцкага пачаў супрацоўнічаць з Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. За час сваёй правааабрончай дзейнасці Леанід накіраваў больш за 30 індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН і атрымаў па іх станоўчыя рашэнні.

Нягледзячы на тое, што ўлады Беларусі амаль не рэагуюць на рашэнні Камітэта, Леанід Судаленка бачыць у гэтым сэнс і плён.

“Рашэнні КПЧ назапашваюцца. І прыйдзе час, калі зменіцца ўлада, гэтыя дакументы падымуць ізноў”, — упэўнены гомельскі праваабаронца.

За сваю дэманстратыўную прынцыповасць Леанід Судаленка рэгулярна станавіўся аб’ектам нападак: яму прыходзілі пагрозы на электроную пошту, былі спробы абвінаваціць яго ў распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў, не раз на офісе і дома ў праваабронцы праводзілі вобшукі. А пасля падзей 2020 года яго затрымалі па крымінальным абвінавачванні. 

Леанід Судаленка быў удастоены ў 2019 годзе прэстыжнай французскай прэміі «Свабода-Роўнасць-Братэрства» і ўзнагароджаны беларускай Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Праваабаронца года».

Леанід Судаленка: Для мяне і маіх калег, абарона правоў чалавека стала насычаным сэнсам нашага жыцця

Гамяльчанін Леанід Судаленка стаў першым беларускім праваабаронцам, які атрымаў французскую прэмію «Свабода-Роўнасць-Братэрства». 10 снежня, у Міжнародны дзень за правы чалавека, адвакат «дармаедаў» прыбыў на цырымонію ўзнагароджання ў Парыж.

А у 2021 годе праваабаронца быў адзначаны прэміяй “За абарону правоў чалавека-2021” Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (ССВЕ) разам з Ліліяй Уласавай, Максімам Знакам і Дзмітрыем Лаеўскім.

Леанід любіць ровар, рыбалку і шахматы.

Падтрымаць нашага калегу Леаніда лістамі салідарнасці:

Адрас: СИЗО-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Крыніца: Праваабаронца Леанід Судаленка год за кратамі