Вокладка даклада FIDH Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) падрыхтавала  даклад “Пастаўкі інструментаў рэпрэсій у Беларусь" аб незаконным выкарыстанні зброі для разгонаў дэманстрацый у парушэнне правоў чалавека.

У дакуменце аналізуецца менш лятальная зброя замежнай вытворчасці і агнястрэльная зброя, якая выкарыстоўваецца сіламі бяспекі Беларусі для падаўлення мірных пратэстаў, даецца агляд магчымых шляхоў іх паставак і прымянення, а таксама даследуюцца шляхі прыцягнення да адказнасці дзяржаў і кампаній.

“Пасля жорсткіх разгонаў пратэстаў у Беларусі, [пачынаючы з жніўня 2020 года], журналісты і арганізацыі грамадзянскай супольнасці задакументавалі выкарыстаныя патронныя гільзы з гумовымі кулямі, светлашумавыя і іншыя боепрыпасы, якія ўжываліся супраць пратэстоўцаў, вырабленыя, у асноўным, у Расеі і краінах Еўразвязу. Акрамя таго, супрацоўнікі атрадаў асаблівага прызначэння былі ўзброеныя агнястрэльнай зброяй замежнай вытворчасці, якая, магчыма, была дастаўленая ў Беларусь у парушэнне эмбарга Еўрапейскага Звязу на пастаўкі зброі ў Беларусь ад 2011 г. і іншых міжнародных абавязацельстваў”, - канстатуецца ў прэс-рэлізе FIDH.

"Праваабарончы цэнтр" Вясна " і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці зафіксавалі пранікальныя агнястрэльныя раненні, пераломы касцей, страту зроку і іншыя сур'ёзныя траўмы, - адзначае Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна", сябра FIDH у Беларусі. - Непрапарцыйнае прымяненне сілы супраць мірных пратэстоўцаў з'яўляецца непрымальным абмежаваннем права на мірныя сходы і права на свабоду выказвання меркавання. Важна, каб рэжым Лукашэнкі не карыстаўся прамой ці ўскоснай падтрымкай гвалту з-за мяжы, няхай гэта будзе з боку дзяржаў або прыватных кампаній".

У дакладзе аналізуецца менш смяротная і агнястрэльная зброя, якая выкарыстоўваецца беларускімі сіламі бяспекі для падаўлення мірных пратэстаў, а таксама яе паходжанне і трансфер, і коратка апісваюцца магчымыя шляхі прыцягнення да адказнасці дзяржавы і кампаній. У прыватнасці, у дакладзе падрабязна апісана дастасавальная прававая база для выкарыстання і перадачы зброі для падаўлення масавых беспарадкаў і агнястрэльнай зброі, вызначаны тыпы выкарыстоўваемай зброі, прадстаўлены кароткі аналіз таго, ці парушае яго перадача дастасавальнае заканадаўства, і пазначаны магчымыя шляхі прыцягнення да адказнасці дзяржаў і карпарацый.

З поўным зместам даклада на рускай мове можна азнаёміцца па спасылцы.

Крыніца: “Пастаўкі інструментаў рэпрэсій у Беларусь": падрыхтаваны даклад FIDH аб выкарыстанні зброі для разгонаў дэманстрацый