11 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска 22-гадовага мінчука Мікіту Навакоўскага прызналі вінаватым паводле ч.1 арт.342 і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Да суда ў дачыненні да мужчыны была прынятая мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва.

Справу разгледзела суддзя Марына Клімчук.

Пракуратура Ленінскага раёна закончыла раследаванне ў пачатку месяца. Мікіту Навакоўскага прызналі вінаватым у грубым парушэнні грамадскага парадку ў Мінску ў жніўні 2020 года: у ноч з 9 на 10 жніўня і 30 жніўня. Згодна з тэкстам абвінавачання, ён разам з іншымі людзьмі рухаўся па праезнай частцы дарогі па праспектам Незалежнасці, Машэрава, Пераможцаў, а таксама вуліцы Гарадскі Вал. Гэтым ён нібыта блакаваў шлях транспарту — у тым ліку, "счэпкай лакцямі" — і тым самым спыніў яго. Падчас падзей абвінавачаны таксама не рэагаваў на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць "супрацьпраўныя дзеянні". 

Бок абвінавачання падкрэсліваў, што дзеянні Мікіты "пацягнулі за сабой працяглае парушэнне грамадскага спакою, абмежавалі права іншых грамадзян на спакойны труд, адпачынах, свабоднае перамяшчэнне, а таксама перашкаджалі нармальнай працы КТУП "Мінсктранс".

Пазоў транспартнага прадпрыемства можа быць разгледжаны ў грамадзянскім парадку. 

Крыніца: Яшчэ аднаго мінчука асудзілі да "хіміі" паводле падзей у жніўні 2020 года