Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з тэрміновым зваротам за захаванне жыцця Ігару Герашнкову і Сямёну Беражному, якіх 21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў да смяротнага пакарання.
“20 снежня 2017 г. Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле смяротныя прысуды Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному. У выніку верагоднага развіцця падзеяў, калі іх просьба аб памілаванні будзе адхіленая прэзідэнтам, Гершанкоў і Беражной апынуцца ў небяспецы расстрэлу”, — гаворыцца ў тэрміновым звароце.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя нагадвае, што “з 1994 года Вярхоўны суд пакінуў у сіле ўсе вынесеныя раней смяротныя прысуды”, а прэзідэнт Лукашэнка толькі адзін раз памілаваў “смяротніка”. Таму праваабаронцы асцерагаюцца, што ў самым верагодным выпадку Гершанкову і Беражному пагражае непазбежны расстрэл.
“Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая працягвае прымяняць смяротнае пакаранне. Amnesty International выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, паколькі яно парушае права на жыццё, абвешчанае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і, у канчатковым выніку, з’яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зневажальным для годнасці пакараннем”, — падкрэсліваюць аўтары звароту.
Amnesty International заклікае ўсіх неабыякавых людзей далучыцца да звароту і патрабаваць ад уладаў Беларусі памілаваць Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога, а таксама “ўвесці неадкладны мараторый на выкананне смяротных прысудаў з мэтай адмены смяротнага пакарання”.
Нагадаем, 21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прызнаў фігурантаў справы Сямёна Беражнога, а таксама мужа і жонкі Ігара і Таццяну Гершанковых вінаватымі ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў.
Гершанковы таксама прызнаныя вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропных рэчываў (захоўванне без мэты збыту).
Чацвёрты фігурант справы Барыс Калеснікаў быў абвінавачаны ў разбоі, дапамаганні пры здзяйсненні забойства і пры выкраданні чалавека.
Беражнога і Ігара Гершанкова аблсуд прыгаварыў да смяротнай кары, Таццяну Гершанкову - да 24 гадоў пазбаўлення волі, Калеснікава - да 22 гадоў і аднаго месяца зняволення.
20 снежня 2017 года Вярхоўны суд пакінуў без змены прыгаворы фігурантам справы, а апеляцыйныя скаргі іх і іх абаронцаў без задавальнення.
Крыніца: Amnesty International: двум “смяротнікам” у Беларусі пагражае непазбежны расстрэл