Рэгіянальны праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў накіраваў у жніўні 2017 года зварот ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з прапановаю ўнесці змены ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКаАП), каб выключыць неабгрунтаваную дыскрымінацыю асобаў, якія падвяргаюцца адміністрацыйнаму арышту па пастановах судоў.
Сутнасць праблемы ў тым, што адміністрацыйна арыштаваныя асобы могуць абскардзіць пакаранне ў вышэйстаячы суд толькі ў 5-дзённы тэрмін, у той час як усе астатнія адміністрацыйныя пакаранні (акрамя дэпартацыі) абскарджваюцца ў 10-дзённы тэрмін. Пры гэтым адміністрацыйна арыштаваныя не заўсёды маюць сродкі, каб аплаціць дзяржмыта па скарзе, атрымаць кансультацыю, наняць абаронцу і г.д.
У верасні з Палаты прадстаўнікоў паведамілі, што прапанова праваабаронцы будзе разгледжана ў бліжэйшы час з удзелам усіх зацікаўленых арганізацый. А 27 снежня праваабаронца атрымаў адказ за подпісам намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валянціна Ражанца. Ён паведамляе, што прапанова была дэталёва прапрацаваная з удзелам зацікаўленых дзяржаўных органаў (Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь і інш.), аднак падтрымкі ні ў каго не знайшла.
Далей Валянцін Ражанец дадаў, што Пастаянная камісія лічыць, што нормы дзеючага заканадаўства ў дастатковай меры эфектыўныя і падстаў для змены існуючых падыходаў у прававым рэгуляванні закранутых пытанняў у цяперашні час не ўгледжваецца.
Алесь Дзергачоў выказвае меркаванне, што ў дадзеным выпадку Палата прадстаўнікоў падыйшла да праблемы не з прававога боку, а з палітычнага.
“Вядома, што зараз даволі шмат актывістаў апазіцыйных партый і рухаў падвяргаюцца пакаранню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. І вельмі часта - у выніку лжэсведчанняў супрацоўнікаў міліцыі. Таму ўлада не зацікаўлена, каб актывісты мелі магчымасць эфектыўна абараняцца” – кажа праваабаронца.