Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца напрыканцы года. 26 і 27 снежня па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

26 снежня

Учора скончыліся 15 дзён з моманту затрымання прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева. Аднак інфармацыі аб тым, што ён выйшаў на волю, няма. Dev.by заўважыў, што каментар у падтрымку супрацоўніка быў выдалены з сайта A1 Telekom Austria Group.

Мікалай Брэдзелеў

Як стала вядома, Мікалая Брэдзелева маглі звольніць з кампаніі, пакуль ён быў на Акрэсціна. Журналісты dev.by адправілі запыт А1, напісалі CEO кампаніі, але пацверджання або абвяржэння, а таксама каментара не атрымалі.

26 снежня ў Пружанах была затрыманая Алена Гнаўк. Алена, якая адбывае «хатнюю хімію», як звычайна па нядзелях, паехала на выхаваўчую працу ў Пружанскі РАУС. Паўгадзіны таму яна патэлефанавала свайму сыну і паведаміла, што затрыманая за пікет, паведамляюць праваабаронцы.

27 снежня

У палітолага і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасць. У СІЗА-1 у яго здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што ў сярэдзіне снежня палітолагу і літаратуразнаўцу Аляксандру Фядуце на Валадарцы дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасць, а праз тры дні ў яго здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі.

Акрамя гэтага, Фядута абвесціў медыцынскую забастоўку – ён адмаўляецца прымаць таблеткі, без якіх у палітолага можа здарыцца інфаркт. Гэта яго пратэст супраць абмежаванняў у ліставанні з роднымі.

Інфармацыя будзе дапоўненая.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу за 26 і 27 снежня