Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца напрыканцы года. 22 снежня па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр«Вясна»сабраў апошніяфакты палітычнага пераследу ў Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Алесь Пушкін. Фота: ПЦ

Следчы камітэт скончыў расследаванне ў дачыненні да Алеся Пушкіна

Мастаку Алесю Пушкіну пагражае да 12 гадоў турмы. Яму прад'явілі абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 ("наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб") і арт. 370 ("здзек над дзяржаўнымі сімваламі").

"Устаноўлена, што Пушкін выконваў і размяшчаў у адкрытым доступе партрэты памагатых нацысцкіх злачынцаў у вобразе беларускіх патрыётаў і гераічных асоб. Абвінавачаны разлічваў на давер гледачоў да мастака, тым самым паставіў на адзін узровень сапраўдных герояў і здраднікаў, а таксама падвергнуў сумневу рашэння Міжнароднага ваеннага трыбунала, якія не маюць тэрміну даўнасці " - каментуе сваю пазіцыю СК.

Да матэрыялаў справы далучаны заключэнні больш за 40 экспертных даследаванняў.

Фрылансер «Свабоды» Андрэй Кузнечык дагэтуль не выйшаў на волю

Журналіста Андрэя Кузнечыка дагэтуль не вызвалілі. Родныя і адвакат не ведаюць, дзе ён і па якой справе.

Фрылансер «Свабоды» Андрэй Кузнечык павінен быў выйсці з ізалятара на Акрэсціна яшчэ 15 снежня. У гэты дзень скончыўся другі ягоны 10-суткавы арышт.

Аднак вось ужо тыдзень ні родным, ні адвакату журналіста не даюць інфармацыі, дзе і ў сувязі з чым утрымліваюць Андрэя, піша БАЖ.

З Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па палітычных матывах за апошнія дні звольненыя дацэнты Уладзімір Лоба, Віктар Якубаў, Ігар Бортнік. Першы пайшоў у стачку, другі сядзеў на сутках, прычына звальнення апошняга невядомая. Таксама звольнілі былога прарэктара па навуцы Глухава.

Украінскую блогерку Лілію Багіраву не пусцілі ў РФ праз тое, што яна здымала фільм пра падзеі ў Беларусі. Ёй забаронена перасякаць мяжу Беларусі (праз дамоўленасці між краінамі – і РФ) да 2026 года.

Акрамя таго, як сцвярджае Багірава, на яе ў Беларусі завялі крымінальную справу.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Абвінавачанне Алесю Пушкіну, звальненне выкладчыкаў у Полацку: хроніка пераследу ў Беларусі 22 снежня