Суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Прысуд абвясцілі 9 снежня. Праваабаронцам падрабязнасці гэтага судовага пасяджэння стали вядома крыху пазней. Не расказаць пра іх «Вясна» не магла.

Судовае пасяджэнне ўзначальваў суддзя Шаршнёў, бок дзяржабвінавачання прадстаўляў пракурор Фартушняк. Падсудны свае правы на судзе спрабаваў абараніць самастойна.

Вядома, што абвінавачанаму Аляксандру Юранаву 57 гадоў, у яго трэцяя непрацоўная група інваліднасці. Мужчына даглядае амаль сляпога 83-гадовага бацьку, а незадоўга да суда ён адмовіўся ад шпіталізацыі ў сувязі з перадінсультным станам, бо хацеў асабіста ўдзельнічаць на судовым пасяджэнні па сваёй справе.

Мужчыну абвінавачваюць у тым, што вясной 2020 года пад фотаздымкам супрацоўніка міліцыі Войніча, якое было размешчана ў Аднакласніках, ён пакінуў каментар з аднаго слова. Абвінавачванне ў публічнай абразе службовай асобы (арт. 369 КК РБ) Аляксандру Анатольевічу прад'явілі яшчэ ў сакавіку гэтага года.

Пацярпелы супрацоўнік міліцыі падаў грамадзянскі пазоў аб спагнанні з Юранава кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1 500 рублёў. У сваёй заяве ён напісаў, што пакінуты абвінавачаным каментар нанёс яму моцныя маральныя пакуты.

Падчас судовага пасяджэння суддзя настаяў, каб у абвінавачанага ўсё ж быў абаронца. Спецыяльна дзеля Аляксандра Юранава ен падкрэсліў, што паслугі абаронцы будуць бясплатнымі. Той пагадзіўся.

Судовае пасяджэнне аднавілі адразу пасля таго, як да Аляксандра Юранава прыехаў адвакат – праз некалькі гадзін. Адразу пасля гэтага пракурор выдвінуў хадайніцтва аб працяге пасяджэння ў выязным фармаце - у будынку РАУС Чыгуначнага раёна Гомеля ў прысутнасці гледачоў.

Аляксандр Юранаў выказаўся супраць пасяджэння ў выязным фармаце. Яго адвакат таксама палічыў судовае пасяджэнне ў прапанаваным пракурорам фармаце немэтазгодным.

Нягледзячы на гэта, суд задаволіў хадайніцтва пракурора, таму судовае пасяджэнне працягнулася ў РАУС Чыгуначнага раёна раёна Гомеля. У той жа дзень суд абвясціў рашэнне па справе Алекасандра Юранава.

Мужчыну прызналі вінаватым і прысудзілі яму тры гады “хатняй хіміі”. Кампенсацыю маральнай шкоды пацярпеламу суд пастанавіў пакрыць у поўным аб'ёме - выплаціць 1500 рублёў міліцыянту плюс 87 рублёў дзяржпошліны.

Цікава, што ў якасці гледачоў на паказальным судовым пасяджэнні, у асноўным, былі людзі, якія ужо мелі праблемы з законам і стаяць на розных уліках. Прысутнічалі нават журналісты Першага канала Гомельскага тэлебачання, але здымалі толькі гледачоў, бо на здымку іншых удзельнікаў судовага працэсу ў іх не было дазволу.

Крыніца: У Гомелі абвінавачанаму з інваліднасцю ў перадінсультным стане прысудзіілі тры гады «хатняй хіміі» за адно слова ў Аднакласніках