Па дарозе ў Воршу машына, у якой знаходзілася Караткевіч, на 25 хвілін была затрыманая супрацоўнікамі ДАІ. Пасьля вырашэньня ўсіх пытаньняў яна прыехала ў горад і побач зь пікетам са зборам подпісаў у сваю падтрымку пагутарыла зь людзьмі. Пікет адбыўся на цэнтральнай плошчы Воршы.
Варта адзначыць, што прыезд Тацьцяны Караткевіч выклікаў сапраўдную цікавасьць месьцічаў. Людзі актыўна падыходзілі – нехта выказваў незадавальненьне, нехта ня верыў у пэрспэктывы Караткевіч, але збольшага аршанцы ставілі свае подпісы і пыталіся пра мэдыцыну, адукацыю, культуру. За час пікету было сабрана каля 100 подпісаў у падтрымку Тацьцяны Караткевіч.
Наведаў пікет і прыхільнік так званага „русского мира”. Ён не саромеўся хадзіць побач зь пікетам у саколцы з надпісам „С нами Бог”, выявай расейскага імпэрскага сьцягу і гербам Воршы часоў Расейскай імпэрыі.
Арганізатары і ўдзельнікі пікету не чапалі яго з-за імавернасьці правакацыяў. Малады чалавек фатаграфаваўся на фоне бел-чырвона-белага сьцягу, камусьці ўвесь час тэлефанаваў і спрабаваў давесьці людзям свае погляды.
Крыніца: Радыё Рацыя