Дыялёгу і паразуменьня не атрымалася
Аб'ектам назіраньня для спадара Вадзіма стаў участак № 7 па Чарняхоўскай выбарчай акрузе № 54, які разьмяшчаўся ў гімназіі № 5. Як кажа Вадзім Кузьмін, на гэтым участку раней ніколі не было незалежных назіральнікаў, і таму наяўнасьць ажно двух прадстаўнікоў апазыцыйнай партыі, да таго ж прынцыповых, адразу выклікала нэгатыўную рэакцыю з боку сябраў камісіі.
Чамусьці яны палічылі, што галоўнай задачай незалежных назіральнікаў ёсьць стварэньне перашкодаў у працы камісіі і кампрамэтацыя іх дзейнасьці. Заўвагі і просьбы назіральніка, якія выказваліся ў дазволеных заканадаўствам межах, успрымаліся як умяшаньне ў працу камісіі. У выніку ніякага дыялёгу і паразуменьня не атрымалася. Дайшло нават да таго, што на адным з паседжаньняў камісіі разглядалі паводзіны назіральніка Кузьміна і зрабілі яму папярэджаньне.
«Калі я зьвярнуў увагу старшыні камісіі Кацярыны Прэйс на тое, што пасьля галасаваньня шчыліну для бюлетэняў заклейваюць клеем ПВА, які не прыдатны для мацаваньня да плястыкавай скрыні паперкі з подпісамі, якую пасьля таго можна дваццаць разоў бесьперашкодна здымаць і наноў прымацоўваць, яна ніяк не адрэагавала. На другі дзень я купіў клей «Момент» і прэзэнтаваў з добрымі намерамі, але ад клею адмовіліся і прыпісалі мне ўмяшаньне ў працу камісіі.
Не дазволілі мне ані рабіць фотафіксацыю, ані паставіць свой подпіс на паперцы побач з подпісамі чальцоў камісіі, на што без праблемаў пагаджаліся сябры іншых камісіяў, зь якімі даводзілася кантактаваць у ранейшыя выбарчыя кампаніі.
На час абедзеннага перапынку скрыню заносілі ў пакой, але дзьверы не апячатваліся, і сябры камісіі мелі патэнцыйную магчымасьць рабіць маніпуляцыі зь бюлетэнямі. Гэтая акалічнасьць дала мне падставу зьвярнуцца са скаргай у пракуратуру.
Праз тры дні назіраньня ў часе папярэдняга галасаваньня пайшло разыходжаньне ў колькасьці тых, хто прагаласаваў, паводле падлікаў незалежных назіральнікаў і сябраў камісіі.
Здараліся на ўчастку і зусім кур'ёзныя сытуацыі. Так, напярэдадні асноўнага дня галасаваньня падчас заклейваньня адтуліны века скрыні адарвалася і звалілася на бюлетэні. Далікатную праблему вырашылі пры дапамозе скочу. Сфатаграфаваць пакалечаную скрыню мне не дазволілі і вывелі зь гімназіі пад белыя ручкі. Не ўдалося мне ў той дзень і пераседзець дзьве гадзіны перапынку ў фае, як бывала раней», – прыгадвае Вадзім Кузьмін.
Выбары прайшлі са шматлікімі парушэньнямі
Як распавёў незалежны назіральнік, участак ня быў падрыхтаваны да выбараў належным чынам: сталы ніякія, абрусы таксама, кабіны для галасаваньня не адпавядалі вызначаным парамэтрам, скрыні для галасаваньня не празрыстыя, асадак – і тых часам бракавала, адсутнічалі і сьвінцовыя пячаткі, затое не забылі пра нядзельны продаж ў сьценах гімназіі алькагольных напояў.
Як ва ўсёй школе, так і ў пакоі для галасаваньня было халодна. Назіральнікі і сябры камісіі сядзелі ў верхняй вопратцы. Вадзіму Кузьміну з гэтай нагоды давялося зьвярнуўся нават у пракуратуру. Прыехала камісія, каб замераць тэмпературу, але ў пакой для галасаваньня яе не пусьцілі. І гэта ў той час, калі туды да чальцоў камісіі наведвалася маса людзей для вырашэньня праблемаў, не зьвязаных з выбарамі.
Але самым прыкрым ў гэтай сытуацыі назіральнік называе тое, што большасьць яго скаргаў засталася без адказаў. Так, з трох скаргаў у пракуратуру ён не атрымаў ніводнага адказу. З шаснаццаці скаргаў да старшыні камісіі адказ быў дадзены на дзьве. Праўда, на тры скаргі ў Цэнтральную выбарчую камісію прыйшло два адказы. Амаль на ўсе скаргі адказала таксама абласная камісія, але ніхто ня ўбачыў у зафіксаваных назіральнікам парушэньнях ніякай пагрозы законнаму правядзеньню выбараў.
Назіральнік Кузьмін мае іншае бачаньне: «Староньнія людзі на ўчастку, зрыў пячаткі, два чалавекі ў кабінцы, прымусовае галасаваньне студэнтаў, адсутнасьць пратаколу па выніках папярэдняга галасаваньня. І гэта – толькі частка зафіксаваных парушэньняў. Уявіце сабе, што толькі пасьля майго тэлефанаваньня ў Цэнтральную камісію па выбарах мне літасьціва прынесьлі пратакол і дазволілі прачытаць. Цікавыя і ўскосныя назіраньні: на маім участку, дзе назіральнік прысутнічаў, за дзень прагаласавалі 54 грамадзяніны, а на восьмым участку, які месьціўся паверхам вышэй, прагаласавала ажно 300 чалавек. І гэта пры тым, што нават ў асноўны дзень галасаваньня на нашым участку сваю пазыцыю выказалі усяго 299 выбаршчыкаў».
Выбары на даму – найлепшая магчымасьць для фальсыфікацыяў
«Ведаючы, што выбары на даму – гэта найлепшая магчымасьць для фальсыфікацыяў, і разумеючы, што два назіральнікі ня ў стане пракантраляваць гэтую фазу галасаваньня, я сказаў чальцам камісіі, што некалькі нашых прыхільнікаў, якія пражываюць на гэтым участку, запішуцца для галасаваньня на даму, а пасьля празь відэарэгістрацыю зафіксуюць працэс галасаваньня і зьмесьцяць яго ў сеціве. Я зазначыў, што ў сваёй кватэры людзі маюць права рабіць усё, што не супярэчыць заканадаўству. У выніку ад мяне нават запатрабавалі назваць адрас, па якім будзе весьціся відэаздымка», – кажа Вадзім Кузьмін.
У нейкай ступені спадару Вадзіму ўсё ж удалося пракантраляваць працу адной з групаў падчас галасаваньня на даму. Гэта была цэлая гісторыя. Паводле старшыні камісіі, намер прагаласаваць у сваёй кватэры нібыта выказалі 83 выбаршчыкі. Аднак чамусьці кожная з двух групаў выбарчай камісіі атрымала па сто бюлетэняў. Як высьветліў назіральнік, ніякага сьпісу наогул не было. Насамрэч камісія скарысталася сьпісам паджылых людзей і інвалідаў, якімі апякуецца сацыяльная служба. Агулам атрымалася 146 чалавек.
Распавядае Вадзім Кузьмін: «Зайшлі у пад'езд па вуліцы Чарняхоўскага, звонім, але ніхто не адчыняе. Высьветлілася: у пад'езьдзе пражываюць грамадзяне з праблемамі слыху і зроку, ніхто зь іх у камісію не тэлефанаваў, дый тэлефону ў многіх няма. Звычайныя адказы: «Не званіў! А ў нас тэлефону няма! Я – сьляпы».
З 9-й гадзіны да 14-й прагаласаваць намовілі толькі 16 чалавек. Дык і з тых шаснаццаці самастойна прагаласавалі адзінкі. За астатніх выбар рабілі сваякі, зыходзячы са свайго меркаваньня. Былі і такія, што гналі мацюкамі, прыгадваючы старыя крыўды. Адзін выбаршчык распавёў, што быў пазначаны ў спісах выбарчай камісіі як памерлы. Пасьля такой абразы хадзіць на выбары зарокся наогул.
Падчас галасаваньня на даму зафіксаваў масу парушэньняў: прымус да галасаваньня, ціск на выбаршчыкаў. Але найбольш абурае цынізм чальцоў камісіі, якія пераконвалі, што да іх тэлефанавалі глухія і сьляпыя. У адным доме сувязь наогул адсутнічала – цягнулі оптыку. Падчас падліку тых, хто прагаласаваў на даму, атрымалася 84 чалавекі. То бок другая група працавала ў чатыры разы больш эфэктыўна, чым тая, дзе быў я».
Розьніца склала 402 бюлетэня
«Па выніках галасаваньня розьніца паміж нашым падлікам тых, хто ўзяў удзел у выбарах, і падлікам камісіі склала 402 бюлетэні. Ані я, ані мой напарнік ня маем ілюзіяў: адбыўся ўкід бюлетэняў. І гэта пры тым, што ў асноўны дзень выбараў прагаласавалі 296 чалавек пры першапачатковай сьпісачнай колькасьці выбаршчыкаў у 1520 грамадзянаў. Назіраць паўнавартасна працэс падліку бюлетэняў таксама не дазволілі – да стала не падпусьцілі», – распавёў незалежны назіральнік.
С. Горкі