Субота, 10 Люты 2018

Ірына Яскевіч: У людзей адбілі ахвоту хадзіць на выбары

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ірына Яскевіч падчас пікетаваньня Ірына Яскевіч падчас пікетаваньня

Чарговы агітацыйны пікет зладзіла 9 лютага ў Віцебску кандыдатка ў мясцовыя дэпутаты ад АГП Ірына Яскевіч. Агітавала людзей, каб галасавалі за сваіх суседзяў, якія ня будуць чакаць сьлесара з ЖКГ, каб наладзіць дабрабыт і жыцьцё ў акрузе. “Я вашая суседка!” – казала мінакам.

Людзі найперш рэагавалі на назву партыйнай праграмы “Мільён новых працоўных месцаў”, накрэсьленую (чырвоным на белым) на агітацыйным стэндзе. Прыпыняліся, чыталі далей. Некаторыя падыходзілі, каб нешта ўдакладніць, узяць улётку. Хтось заводзіў размову. Большасьць жа паглядала на каманду Яскевіч пад партыйным сьцягам з асьцярогай ці абыякавасьцю. Сьпяшаліся на закупы ў "Эўраопт" - "чорная" ж пятніца!

“Трэба гэта мяняць”

“Людзі прыслухоўваюцца. Але, на жаль, у палеміку ці проста ў размову ўступаюць нячаста. Бо ва ўсіх ужо даўно адбілі ахвоту хадзіць на выбары і аніякай карысьці ў тых выбарах ня бачаць. Яны загадзя вызначылі для сябе, што будзе абраны той, каго выбіралі і ў мінулы раз, і што ад іх нічога не залежыць”, – дзеліцца зь “Віцебскай вясной” сваім меркаваньнем Ірына Яскевіч.

Людзі знаёмяцца з агітацыйнымі матэрыяламі, але многія ставяцца да выбараў зь вялікім скепсысам

Распавядае, што ідзе на выбары і ў гарадзкі, і ў абласны Савет дэпутатаў. А таму балятуецца ў некалькіх акругах – у Сонечнай (гарадзкой) і Праўдзінскай. Канкурэнтамі Яскевіч выступаюць галоўны інжынэр “Віцебскаблаўтатранс” Дзьмітры Палякоў (у гарсавет) і дырэктар прадпрыемства “Дзяржбудэкспэртыза па Віцебскай вобласьці” Мікалай Каневалаў (у аблсавет).

Калі завязваецца гаворка - зьяўляецца пазытыў

“Той жа Каневалаў займаў ужо шмат якія пасады і зараз зноў ідзе ў дэпутаты. Але ён ня ходзіць у людзі. Ніяк не агітуе. Сьвята верыць, што яны былі, ёсьць і будуць дэпутатамі. І трэба гэта мяняць”, – кажа Ірына Яскевіч.

“Не вайна ж, а мы вечна ў нейкіх калдобінах!”

“Калі мяне выберуць, гэта ня будзе цудам. Гэта будзе адзнакай таго, што людзі нарэшце прачнуліся. І мне сёньня важней сказаць: “Людзі, думайце! Вашыя дворыкі і дамы, вашыя камунальныя платы і ўсе адлічэньні на капрамонт – яны мусяць быць у надзейных руках. Выбірайце таго, каго ведаеце!” Я кажу ім, што гэта вельмі важна: рабіць там, дзе жывеш, тое, што можаш, і з тымі, каму давяраеш. Каб данесьці гэта да людзей, я і пайшла на выбары”, – дадае кандыдатка.

Падчас пікетаваньня

У размовах зь людзьмі просіць падтрымаць яе, каб дзейнічаць разам, бо толькі сумесныя дзеяньні прыносяць плён. Нагадвае, што менавіта разам зь ейнай камандай выбарцам удалося нядаўна ўладкаваць бясьпечны падыход да ліцэю №8 у Віцебску, усталяваць на дарозе тры “ляжачыя паліцэйскія”, адрамантаваць ходнікі.

Ірына Яскевіч лічыць, што перамога магчымая, але людзям трэба прачнуцца...

“Акурат на мясцовых выбарах мы выбіраем тых, хто будзе дбаць і клапаціцца пра гэта, пра нашыя дворыкі, пясочніцы, школы, каб у школах было менш пабораў, каб вуліцы былі асьветленыя ня толькі ў цэнтры і г.д”, – гаворыць Яскевіч людзям.  

“Не вайна ж, а мы вечна ў нейкіх калдобінах!” – дадае.

“Нікому не патрэбныя маленькія людзі”

Як дырэктар базавага цэнтру па падтрымцы прадпрымальніцтва і старшыня арганізацыйнага камітэту Беларускага прафсаюзу “Разам” зьвяртае ўвагу на тое, што леташні Дэкрэт №7 калі і зрабіў каму палёгку, дык буйным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам, а дробныя засталіся па-за ўвагай. “Нікому не патрэбныя маленькія людзі”, – гаворыць.

Віцяблянка вывучае ўлётку кандыдата каля віцебскага "Эўраопту" на Маскоўскім праспэкце

“Дык я пытаюся: каму ўвесь час у гэтай краіне робяць лепш? Можа, варта ўжо зьвярнуць нарэшце ўвагу і на тых, хто працуе дзень і ноч? Трэба падняць прэстыж працоўных прафэсіяў – сьлесара, токара… Каб чалавек мог зарабляць столькі, каб жыць дастойна”, – адзначае Яскевіч. Прызнаецца, што ў нядаўнім Дэкрэце №1, які замяніў сабой сумна вядомы “дэкрэт аб дармаедзтве”, наогул ня бачыць ніякага сэнсу.

На пытаньне, колькі, на яе думку, мусіць складаць годны заробак у абласным цэнтры, адказвае, што, як мінімум, 600 рублёў.

Ірына Яскевіч, якая прадстаўляе Аб’яднаную грамадзянскую партыю (АГП), ідзе на выбары пад лёзунгам: “Пабудуем новае, зьберажэм лепшае”.

Зьміцер Міраш, фота аўтара           

7 камэнтары

  • Спасылка на Камэнтар Андрусь Серада, 14 Люты 2018 Дадаў Андрусь

    Якія выбары, спадарства!?..
    Перамагчы акупацыйны рэжым мы можам толькі шляхам татальнага ігнараваньня якіх-кольвек ініцыятыў улады - ці то псэўдавыбары, ці то прызыў у войска, ці то адукацыя нашых дяцей на мове акупантаў!
    Гэты спэктакаль з хлусьлівай шыльдай "выбары" цалкам кантралюецца Масковіяй.
    Выхад у нас адзін - непадпарадкаваньне (але абавязкова - мірнае, неґвалтоўнае).

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар Ирина Чацвер, 15 Люты 2018 Дадаў Ирина

    Мне страшно, если у нас такие депутатки

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар NiKoLa Пятніца, 16 Люты 2018 Дадаў NiKoLa

    Очень неприятная женщина, не хотелось, чтобы подобные личности принимали участие в развитии города.

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар SWAT Пятніца, 16 Люты 2018 Дадаў SWAT

    На выборы идти нужно, но выбирать нужно с умом. Так или иначе без местных Советов мы обойтись не можем. Всё в наших руках. Но хочется всем ещё раз сказать - выбирайте с умом! Не поддавайтесь на провокации!

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар Мышка Пятніца, 16 Люты 2018 Дадаў Мышка

    Миллион новых рабочих мест! В Витебске, очень интересно. Видимо хочет заставить работать с 13 лет. Хорошая попытка, но Нет, спасибо, отбили вы у меня женщина желание за Вас голосовать.

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар Vera Пятніца, 16 Люты 2018 Дадаў Vera

    “Людзі, думайце! Вашыя дворыкі і дамы, вашыя камунальныя платы і ўсе адлічэньні на капрамонт – яны мусяць быць у надзейных руках. Выбірайце таго, каго ведаеце!”
    Разве депутат имеет отношение к коммунальным платежам и отчислениям на капитальный ремонт, в чьих надежных руках они будут???

    Паскардзіцца
  • Спасылка на Камэнтар Глеб Пятніца, 16 Люты 2018 Дадаў Глеб

    Лучше бы делала что то, чем людям настроение портить!

    Паскардзіцца