- Столькі ўсяго было за гэтыя гады. Дзяржава неаднаразова забірала ў мяне бізнэс. За гады барацьбы з чынавенствам, людзі, якім я дапамагала, бачачы несправядлівасць і ганебнасць гэтай сістэмы, здраджвалі мяне. Аднак я не губляла ў іх веры, разумеючы, што іх такімі зрабілі 70 гадоў прапаганды, а потым яшчэ і рэжым Лукашэнкі. Прыйдзе час, калі ўсё зменіцца, і людзі зноў знойдуць сябе. Я ў гэты верыла, а таксама гэта паказаў 2020-ы год.
Калі я была маладая, мне давялося вучыцца удалечыні ад дому, менавіта тады я спазнала вельмі моцнае пачуццё настальгіі, тугі па Радзіме. З гадамі гэтае пачуццё ўзмацнялася, я зразумела, што шчаслівай магу быць толькі ў Беларусі. Тут усё сваё: лясы, азёры, рэкі - роднае.
Нарадзілася дачка, а праз 13 гадоў нашая сям'я павялічылася адразу на пяць чалавек, яны таксама сталі маімі дзецьмі. У першую чаргу я - маці, таму павінна была пакінуць дзецям у спадчыну свабоду і незалежную Беларусь - тое, чаго так не хапала нам.
- Вы праводзілі стрымы з важных грамадска-палітычных падзеяў у Віцебску. Як бы вы ацанілі настрой людзей у вашым горадзе. Наколькі высокая нянавісць сёння да Лукашэнкі?
- Нянавісць - гэта занадта моцна для Лукашэнкі. Хутчэй - пагарда, гідлівасць, непрыманне - гэтых эпітэтаў ён годны (але гэта толькі маё меркаванне). Але так, непрыманне было вельмі магутным: і на пратэстах, і ў судах, і ў многіх супольнасцях, якія не пакідалі сумненняў, што супраць яго - пераважная большасць беларусаў.
- У нейкі момант вы былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі. Спачатку ва Украіну, а потым у Польшчу. Там вы ўдзельнічаеце ў розных акцыях беларусаў. Наколькі сёння вялікая салідарнасьць землякоў у Польшчы? Ці лічыце вы важным, каб дыяспара выказвала сваю падтрымку?
- Бегчы з краіны прыйшлося пасля масавых ператрусаў у межах крымінальнай справы, адзін з якіх праводзіўся і ў маёй дачкі. Пасля гэтага да яе зачасцілі прадстаўнікі органаў апекі, а пагрозы адабраць у яе дзяцей з-за маёй актыўнасці былі і да гэтага, а тут яна сама стала вельмі актыўнай.
Акрамя таго, нас папярэдзілі супрацоўнікі сілавых структур, якія спачувалі нам, што нам трэба тэрмінова бегчы, бо на нас рыхтуюць крымінальныя справы, сям'ёй ахвяраваць я не магла, дзеці для мяне - гэта ўсё...
Салідарнасць, вядома, ёсць, але ўсё няпроста. Людзі не за добрым жыццём з'язджалі, а беглі шмат хто ў чым ёсць, так што складана ўсім адразу дапамагчы, ды і станавіцца на ногі з нуля няпроста.
У адным усе салідарныя: прыбраць Лукашэнку. Я лічу, што ў гэтым велізарная памылка штабоў - рэвалюцыйных дзеянняў без нацыянальнай ідэі быць не можа. Толькі абапіраючыся на нашую гісторыю, традыцыі, мову, усвядоміўшы сябе беларусамі, што нам ёсць чым ганарыцца, толькі тады мы зможам адстойваць незалежнасць краіны.
Сёння вельмі важна паказваць сваю падтрымку. У Беларусі грамадзянская актыўнасць душыцца тэрорам, таму мы гаворым за ўсіх - і за сябе, і за іх. Мы не даем астыць сусветнай супольнасці, пастаянна нагадваем пра падзеі ў краіне, аб злачынствах хунты. Акрамя гэтага, мы рыхтуем рознага роду звароты, петыцыі, да прыкладу, пра прызнаньне рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычным.
- Як улады і СМІ Польшчы рэагуюць на вашыя акцыі? Ці падтрымліваюць беларусаў?
- Толькі ў Варшаве праходзіць вельмі шмат добрых акцый. На жаль, польскія СМІ, ды што там, нават наш «Белсат», прысутнічаюць толькі на тых акцыях, дзе ёсць медыйныя асобы новай апазіцыі, што кардынальна няправільна.
Польскія ўлады рэагуюць так, як і мае быць, ды і простыя палякі нас падтрымліваюць, а таксама выказваюць сваю салідарнасць.
- Многія эксперты кажуць, што страйк можа стаць ключавым момантам у барацьбе супраць дыктатуры. Вы таксама нядаўна сказалі, што «дапамагчы беларусам могуць толькі самі беларусы». Як вы лічыце, ці можа забастоўка стаць вырашальным фактарам?
- Страйк можа адбыцца аўтаматычна, праз пагаршэнне матэрыяльнага становішча працоўных. Калі гэта адбудзецца, то могуць здарыцца сур'ёзныя пратэсты, і тады рэжым абрынецца.
- Як бы вы ацанілі пратэставы патэнцыял вашага гораду?
- Віцебск і вобласць падымецца з усёй краінай. Незадаволенасць толькі расце, назапашваецца, не толькі ў саміх гарадах, але і ў вёсках.
- Чаму сёння важна займацца сваёй справай дзеля свабоднай Беларусі?
- Заўсёды важна займацца сваёй справай: дапамагаць людзям, даносіць да іх праўду. Асабліва гэта важна цяпер, калі праўду і нашую салідарнасць спрабуюць знішчыць, калі на кану нашая свабода і незалежнасць.