Ліст з прапановай перадаць Мінінфармацыі зьвесткі пра ўладальніка рэсурсу рэдакцыя атрымала 12 траўня. Міністэрства хацела даведацца назву юрыдычнай асобы альбо прозьвішча фізычнай асобы ўладальніка, а таксама яго юрыдычны адрас ці месца жыхарства. У лісьце за подпісам Ліліі Ананіч гаварылася пра выяўленыя на сайце «парушэньні заканадаўства аб СМІ» і нагадвалася пра магчымасьць пісьмовага папярэджаньня ўладальніку ці блякаваньня рэсурсу.
Аналягічныя пасланьні атрымалі прыкладна ў той самы час сайты «Беларускага Радыё Рацыя», музычнага парталу «Тузін гітоў», сайт прыхільнікаў Аб’яднанай Грамадзянскай партыі (АГП) ucpb.org і інтэрнэт-часопіс kyky.org. Некаторыя памылкова расцанілі гэта як пісьмовыя папярэджаньні, аднак лісты аказаліся на той момант толькі «дэкларацыяй намераў».
Адміністрацыя freeregion.info ў адказ напісала, што ня бачыць неабходнасьці даваць такую інфармацыю, паколькі «прапанова раскрыць дадзеныя… не заснаваная на заканадаўстве». Разам з тым рэдакцыя прасіла міністэрства ўдакладніць, якія менавіта публікацыі парушаюць заканадаўства. Зь Мінінфармацыі лістоў больш не прыходзіла.
У той самы час наваполацкая міліцыя актыўна занялася пошукамі ўладальніка рэсурсу. Дакладней, доказаў таго, што ім зьяўляецца Вадзім Драздоў – грамадзкі актывіст, які ўжо некалькі гадоў жыве за мяжой. Ён і не хавае, што зьяўляецца сябрам аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня «Свабодны рэгіён» і заснавальнікам аднайменнага сайту.
18 чэрвеня лейтэнант міліцыі Рафаловіч апытаў суседзяў Драздова, 1 ліпеня ў Наваполацкі ГАУС выклікалі яго маці. Распытвалі, дзе жыве Вадзім, калі ён прыяжджае ў Беларусь і г.д. Паводле інфармацыі рэдакцыі, былі накіраваныя запыты некаторым правайдарам, а таксама ў кампанію «Вэлком» – з мэтай даведацца, на каго зарэгістраваны пазначаны на сайце нумар зваротнай сувязі.
Гэта ўжо ня першая спроба прыцягнуць да адказнасьці ўладальніка сайту. У ліпені 2014 году Наваполацкі ГАУС ладзіў праверку на прадмет наяўнасьці ў дзеяньнях Драздова складу злачынстваў паводле артыкулаў 193-1, 369-1 КК («дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі» і «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»), і складу адміністрацыйнага правапарушэньня паводле артыкулу 23.34 КаАП («парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).
Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў