Ян Дзяржаўцаў: Ідэалы БНР – наш шлях да будучыні
Кіраўнік грамадзкай ініцыятывы “Хайсы” і сябра партыі КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў прызнаўся, што на Дзень Волі наведае імшу ў касьцёле і адсьвяткуе #БНР100 зь сябрамі ў Віцебску.
– Для мяне гэта вельмі значная падзея. Бо ўжо ў 1918-м годзе была акрэсьленая наша пэрспэктыва – шлях у Эўропу, па якім мы маглі пайсьці яшчэ тады. І каб нашу краіну не захапілі расейскія камуністы, стварыўшы 1 студзеня 1919 году прарасейскую рэспубліку, то ўжо даўно жылі б як людзі. І не было б у нас ні Курапатаў, ні Хайсоў, ні Паляёў і г.д.
Ян Дзяржаўцаў падчас асьвячэньня крыжоў у Хайсах
Нас пазбавілі будучыні. Але, каб здабыць яе нанава, нам трэба зараз прытрымлівацца ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта галоўнае. І гэта наш шлях.
…А тое, што пра БНР кажа цяпер чалавек, які называе сябе прэзыдэнтам, гэта проста ганьба.
Хрыстафор Жаляпаў: #БНР100 – гэта вяртаньне да вытокаў
Сябра рады Руху “За Свабоду” Хрыстафор Жаляпаў гаворыць, што 25 сакавіка ўсё будзе, як звычайна: “Тыя, хто за вольную Беларусь, будзем зьбірацца, як штогод, і будзем сьвяткаваць…”
– Для Беларусі гэта вяртаньне да сваіх старажытных вытокаў, якія сілкуюць нашу веру ў незалежную і самастойную Беларусь. І якія дадуць беларускаму народу сілы будаваць сваё жыцьцё і ісьці да свайго шчасьця ўласным шляхам, без “указілавак” і чыёйсьці “дапамогі”.
Хрыстафор Жаляпаў. Фота svaboda.org
А асабіста для мяне – гэта адчуваньне, што я грамадзянін вольнай краіны, якую я вельмі люблю і паважаю. І сьвята #БНР100 будзе вялікай і добрай нагодай пажадаць свайму народу шчасьця.
Вадзім Кузьмін: Трэба моцна сьвяткаваць, бо да 150-годзьдзя можам не дацягнуць…
Камуніст, былы вайсковец і чарнобыльскі ліквідатар, сябра партыі “Справядлівы сьвет” Вадзім Кузьмін лічыць, што векавы юбілей БНР – ненадуманае і вартае пашаны сьвята.
Вадзім Кузьмін
– Калі ў гісторыі быў такі дзень, – тым больш 100 гадоў таму! – яго трэба сьвяткаваць. Але ня так, як было летась, калі наша дзяржава на 100 год Кастрычніцкай рэвалюцыі забараніла нам мітынг і дазволіла толькі кветкі ўскласьці. Лухта нейкая!
Дзень стварэньня БНР таксама ніхто ня можа выкрасьліць зь гісторыі. Адбылася Народная рэспубліка ці не адбылася – людзі пра гэта памятаюць і сьвяткуюць ва ўсім сьвеце. Гэта не надуманае сьвята, як некаторыя ў нашым календары. І хтосьці лічыць, што гэта было пачаткам беларускай дзяржаўнасьці. Вялікае сьвята, 100-годзьдзе!
Трэба моцна сьвяткаваць, бо да 150-годзьдзя некаторыя з нас, можа, і не дацягнуць (сьмяецца – ВВ).
Антаніна Піванос: Дык а чым сьвяткаваць? Мо 100-грамоўкай?..
Віцебская актывістка 72-гадовая Антаніна Піванос – ураджэнка Ўкраіны, але кажа, што зь вялікай ахвотай далучыцца да сьвята. Адно што ня ведае пакуль, як і чым будзе адзначаць 100-годзьдзе БНР: “Дык а чым? Мо 100-грамоўкай (сьмяецца)? Дык нельга мне…”
Антаніна Піванос (справа), 2008 год. Фота svaboda.org
– Мяне, як украінку, гэта ня так шчыльна закранае. Але для краіны, у якой я столькі шмат пражыла, гэта вельмі значная падзея, канечне. Каб было якое мерапрыемства, я б падтрымала. Але ня ведаю, ці буду ў добрым стане, бо пачуваюся апошнім часам ня вельмі добра. Наогул жа, перажываю за ўсё гэта. І станоўча стаўлюся да таго, што ў рэшце рэшт беларусы атрымалі дазвол адзначыць гэтую дату на шырокім узроўні ў Менску.
Уладзімер Папковіч: На віншаваньні з нагоды народзінаў адказваю: “Жыве Беларусь!”
Для беларускага паэта і перакладчыка Уладзімера Папковіча 25 сакавіка – асаблівая дата. Бо нарадзіўся ў Дзень Волі. Што сьвяткуе найперш? Гаворыць, што сьвяты гэтыя вельмі гарманічна спалучаюцца ў ягоным жыцьці. Таму ніякіх пакутаў выбару папросту не адчувае. Наадварот.
Уладзімер Папковіч падчас імпрэзы ў "Эўрапейскім клюбе"
– Мне неяк пашанцавала, што я нарадзіўся якраз у гэты дзень. І ніколі не забываюся пра гэта. І таму, калі працаваў ва ўнівэрсытэце і прыходзіў у групу, дзе студэнткі мяне пачыналі віншаваць з днём народзінаў, я заўсёды адказваў: “Жыве Беларусь!” А яны адразу ўсьміхаліся і прыпаміналі, што сёньня ж Дзень волі. Такім чынам нагадваў ім пра БНР.
Як адзначу? Супольна зь сябрамі. Ну што там мой дзень нараджэньня?.. І, акрамя таго, у мяне ў запасе ўжо ёсьць верш, напісаны на гэты дзень і з гэтай нагоды. Я яго апублікую.
Лічу, што такія гістарычныя і значныя даты трэба шанаваць і цаніць. Таму тое, што чую перад такім сьвятам па тэлевізары… гэта ня вельмі прыстойна. Вы разумееце, пра што я.
Тацяна Севярынец: #БНР100 – гэта ня толькі мінулае, гэта – нашая мара!
Каардынатарка аргкамітэту Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі ў Віцебску і вобласьці Тацяна Севярынец зьбіраецца ў гэты дзень пайсьці ў храм. Але прызнаецца, што, нягледзячы на тое, што сама праваслаўная, пойдзе на імшу ў каталіцкі касьцёл, дзе 25 сакавіка будуць маліцца ў асаблівай інтэнцыі – за Айчыну.
Тацяна Севярынец
– Што для мяне азначае 100-годзьдзе БНР? Гэта сьвята нашай дзяржаўнасьці, незалежнай і вольнай Беларусі. І я вельмі ўсьцешаная, што нарэшце сьвяткаваньне будзе адбывацца ў больш шырокім фармаце, нягледзячы на нэгатыўнае стаўленьне да гэтай даты кіраўніцтва краіны. Далучыліся навукоўцы, гісторыкі, адбываюцца спрэчкі, і гэта добра.
Што адбылося 100 гадоў таму? Гэта была спроба стварыць незалежную краіну пасьля многіх гадоў акупацыі рознага кшталту і з усіх бакоў. Але для мяне, як і для кожнага беларуса, гэта ня толькі мінулае, а яшчэ і сьветлая мара, да якой мусім імкнуцца. І ведаеце, усё, што ёсьць у маім жыцьці і да чаго я датычная – былі і ёсьць крокамі да гэтай мары…
Алена Сьцяпанава: #БНР100 – гэта падстава для нацыянальнага сьвята і гонару
Незалежная журналістка і старшыня абласной арганізацыі БАЖ Алена Сьцяпанава гаворыць, што часьцей за ўсё адзначае гэтае сьвята на працы. “Таму што назіраю, хто як адзначае” (сьмяецца – ВВ). А потым – сьвяточны вечар у сямейным коле. Так, напэўна, будзе і сёлета”, – кажа.
Алена Сьцяпанава. Фота facebook.com
– Асабіста для мяне гэта важная дата. Тая дата, на падставе якой можна ствараць нацыянальнае сьвята, бо якраз яго і не хапае Беларусі. У нас амаль кожныя выходныя – дзень электрыка, дзень сантэхніка, дзень каго хочаш, але…
На мой погляд, краіне не хапае нацыянальна акрэсьленых дат. Дзень вызваленьня Беларусі – добра, і ў яго ёсьць свае прыхільнікі, але павінны быць і гістарычныя даты, якія будуць нагодай для сьвята. І калі гэтае сьвята нацыянальна арыентаванае – то з гэтага будзе двайная карысьць. Людзям трэба, каб было чым ганарыцца. І падзея, што адбылася 25 сакавіка 1918 года, дае падставу для нацыянальнага гонару.
Барыс Хамайда: Гэта нашае найвялікшае сьвята!
Легендарны віцебскі дысыдэнт і “фарпост свабоды” Барыс Хамайда абяцае, як і заўсёды (як і штодзень!), выйсьці напярэдадні 100-гадовага юбілею БНР да “сіняга дому”. Быў нешматслоўны:
– Ведаеце, гэта ж, я лічу, найвялікшае сьвята для кожнага грамадзяніна Беларусі і для ўсёй Беларусі. Бо бяз БНР не было б зараз і РБ.
Барыс Хамайда каля сіняга дому ў Віцебску 23 сакавіка. Фота svaboda.org
Для мяне асабіста гэта таксама найважнейшае сьвята. Адзначаць буду ў Віцебску. А 23-га буду каля сіняга дому стаяць. На Дзень Волі, калі будуць сілы, схаджу куды-небудзь. У царкву дакладна пайду, там сьвяточнае набажэнства будзе (Барыс Ханонавіч наведвае ўніяцкую царкву ў Віцебску – ВВ)
Апытваў Зьміцер Міраш