Пятніца, 24 Красавік 2026

Суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў "экстрэмісцкімі" лагатып Радыё Свабода і сацсеткі мясцовых актывістаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Усе гэтыя інтэрнэт-рэсурсы былі прызнаныя "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй" у адзін дзень, 15 красавіка. 24 красавіка іх уключылі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністрэрства інфармацыі.

Так, цяпер "экстрэмісцкай" лічыцца выява факела белага колеру на аранжавым фоне. Так лагатып Беларускай службы Радыё Свабода апісаны ў "экстрэмісцкім спісе" Мінінфарма. 

Таксама "экстрэмісцкім" прызнаны кантэнт  старонак у "Facebook" i "ВКонтакте" 72-гадовага віцябляніна Валерыя Васільева. Апошнія публікацыі ў "Facebook" віцебскі пенсіянер зрабіў яшчэ ў 2018 годзе, "ВКонтакте" – у 2022-м. Валеры Васільеў знаёмы многім як актыўны ўдзельнік беларускіх культурніцкіх мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў Віцебску.

Старонка Уладзіміра Булаўскага ў Instagram таксама прызнана экстрэмісцкай.  Жыхар Віцебска Уладзімір Булаўскі – вядомы менеджэр культурніцкіх мерапрыемстваў і былы палітвязень – зараз знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Ён з’ехаў у Польшчу неўзабаве пасля адбыцця тэрміну зняволення, прысуджанага яму паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса — Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. У 2023 годзе суд Першамайскага раёна асудзіў актывіста да 2 гадоў пазбаўлення волі.

Сваю старонку ў Instagram, якую прызналі “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй”, Булаўскі пачаў весці ўжо пасля ад’езду з Беларусі. Яна мае больш за паўтары тысячы падпісчыкаў.

Інна Петраненка