Субота, 21 Верасень 2024

У Віцебску за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» будуць судзіць Валянціну Крыштопенка, яна мае першую групу інваліднасці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жанчыну вінавацяць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Падставай для крымінальнага пераследу сталі інтэрв'ю тэлеканалу, прызнанаму ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Валянціна Крыштопенка была сведкай на судовым працэсе над Вячаславам Лазаравым і Таццянай Пыцько, якіх судзілі за супрацоўніцтва ў «Белсатам». А потым супраць яе самой завялі крымінальную справу.

Судовы працэс над Валянцінай Крыштопенка распачнецца 9 кастрычніка ў Віцебскім абласным судзе, суддзёй прызначана Галіна Бондал.

Валянціна мае праблемы з апорна-рухальным апаратам. Віцябляне памятаюць, як яна на інвалідным вазку брала ўдзел у мірных шэсцях ў 2020г. За ўдзел у шэсцях 4 і 11 кастрычніка на Валянціну склалі два пратаколы і аштрафавалі на 7 базавых велічынь (189 рублёў). Маўляў, жанчына парушала заканадаўства аб масавых імерапрыемствах - «трымала транспарант»і «выкрыквала лозунгі».

Жанчыну пакаралі і за ўдзел у шэсці 15 лістапада 2020г, калі грамадскасць ўспамінала забітага Рамана Бандарэнку. Суд Віцебскага раёну аштрафаваў Валянціну на 25 базавых (675 рублёў). Суддзя Святлана Іванова пакінула скаргу без задавальнення.

У снежні 2020г. супраць Валянціны Крыштопенка распачалі адміністрацыйную справу за «адзіночнае пікетаванне»: на яе склалі пратакола за фотаздымак з плакатам «Власть воюет с собственным народом». 3-га студзеня 2021 г. у яе дома правялі ператрус, канфіскавалі два мабільныя тэлефоны і плакат, на якім была цытата з Бібліі «Когда господствует нечестивый, народ стенает». За фотаздымак з гэтым плакатам Валянціну аштрафавалі на 1160 рублёў .

За нясплату адміністрацыйных штрафаў 21 красавіка 2021 г. у жанчыны арыштавалі маёмасць на суму 615 рублёў. На той момант Валянціна Крыштопенка была вінная дзяржаве больш за 1600 рублёў.

Аркадзь Воблы