Пятніца, 12 Студзень 2024

40 чалавек у дзень. Полацкая пракуратура раздае папярэджанні

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З набліжэннем выбараў актывізаваліся работнікі Полацкай раённай пракуратуры. Міліцыянты разносяць позвы мясцовым жыхарам, якіх лічаць «нядобранадзейнымі». Каб трапіць у гэты пералік, дастаткова мець «палітычную» адміністратыўную справу, хай сабе і трохгадовай даўніны. Хаця, паводле заканадаўства, чалавек можа чэсна казаць, што не мае адміністрацыйных спагнанняў, калі з тае пары прамінуў адзін год. Але міліцыя і пракуратура лічыць такіх людзей патэнцыйна небяспечнымі і выклікае на прафілактычныя гутаркі.

Уласна гутарка займае каля 10-ці хвілін, распавёў адзін з вымушаных наведнікаў пракуратуры. Пракурорскага работніка цікавіла, ці быў ён асуджаны паводле артыкула 24.23 КаАП або па ч.2 арт 19.11 КаАП. На апошнім увагу акцэнтавалі асобна: маўляў, не варта падпісвацца на «непатрэбныя Тэлеграм-каналы» і не варта пакідаць «неабдуманыя каментары» на «сумнёўных рэсурсах». Перш чым на нешта падпісацца, найлепей зверыцца са «Спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў» - такую параду даў мужчыну пракурорскі работнік, перш чым перайсці непасрэдна да мэтаў гутаркі. Ёй было падпісанне дакумента пра тое, што спадара ўведамілі пра крымінальную адказнасць за «экстрэмізм» і «дыскрымінацыю».

Яшчэ адна жыхарка Полацка распавяла, што ў калідоры пракуратуры ёй давялося правесці каля паўгадзіны, бо на гутарку была жывая чарга. Пракурорскі работнік сказаў, што на гэты дзень выклікалі 40 чалавек, якім неабходна вынесці афіцыйнае папярэджанне. Дзяўчына адзначыла, што з ёй размаўлялі вельмі карэктна, хаця падрабязна распыталі, калі і за якія «экстрэмісцкія» падпіскі ёй быў прысуджаны арышт на 10 сутак. Паколькі гэта было яшчэ ў 2022 годзе, яна перапытала, чаму ў пракуратуру яе выклікалі толькі цяпер. «Бо цяпер у Беларусі набліжаюцца значныя палітычныя падзеі – выбары, якія павінны прайсці ў спакойнай абстаноўцы», -- такі быў адказ.

Андрэй Мяркулаў