«Кожны тыдзень у нас былі новыя «палітычныя», у асноўным за распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыі. Часцей за ўсё ім давалі па 15 сутак, некаторым, хто выходзіў, адразу ці на наступны дзень дадавалі яшчэ па 15 сутак. У суседняй камеры «палітычныя» былі ўперамешку са звычайнымі арыштантамі . У маёй на той момант было двое палітычных, а чацвера – не», -- распавяла жанчына.
Пра затрыманне Інэссы Ворыхавай стала вядома ў апошні дзень мінулага лістапада. Жанчыну затрымліваў АМАП проста на працы. Каля чатырох гадзін яе дапытвалі і складалі пратакол, потым завезлі ў Наваполацкі ЦІП. Суд над жанчынай адбыўся 1 снежня. Да арышту яе асудзілі «у якасці папярэджання за рассылкі і рэпосты», паведаміў тады блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал «Книга ГУ БАЗА». Пазней стала вядома, што ў тэлефоне жанчыны знайшлі падпіску на «экстрэмісцкі» рэсурс у Instagram.
«Як мне патлумачылі, кожны можа зайсці на май аккаўнт і адчыніць спасылку. Але ж гэта выбар таго канкрэтнага чалавека, ці адчыняць, ці не адчыняць! У Беларусі на працуюць законы і не працуе Канстытуцыя», -- разважае жанчына.
Інэсса Ворыхава звязвае пераслед з боку сілавых структур менавіта з тым, што яе дачка з’яўляецца дарадцай Святланы Ціханоўскай па сацыяльнай палітыцы.
У адзін час з Ворыхавай у Наваполацку быў затрыманы 66-гадовы Анатоль Трубкін, бацька колішняга наваполацкага актывіста Аляксея Трубкіна, які з 2006 года жыве ў Польшчы. Мужчыну сталага веку 1-га снежня таксама прысудзілі арышт, не зважаючы на стан ягонага здароўя: ён інвалід па зроку, хварэе на дыябет, а нядаўна перанёс інсульт.
Абсалютнай рэкардсменкай Наваполацкага гарсуду па вынясенні палітычна матываваных адміністрацыйных пастановаў з“яўляецца суддзя Зінаіда Балаболава. Толькі паодле наяўных дадзеных з адкрытых крыніц, якія могуць быць далёка не поўнымі, Балаболава цягам 2023г. сумарна наклала арыштаў на 1407 сутак (амаль 4 гады) і аштрафавала людзей на 53280 руб (ці 1440 базавых велічынь), а таксама запатрабавала канфіскаваць не менш як 16 тэлефонаў.
Андрэй Казіміраў