Аўторак, 09 Май 2023

Беларускія ўлады прылічылі да спісу "экстрэмістаў" сябра партыі "Адзіная Расія"

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

На падставе прыгавору суда Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці, які ўступіў у законную сілу, 14 красавіка ў спіс датычных да экстрэмісцкай дзейнасці быў уключаны грамадзянін Расійскай федэрацыі, які мае від на жыхарства ў Віцебску прарасійскі палітычны актывіст Пётр Іваноў. Амбасада Расіі, куды ён чатыры разы звяртаўся па консульскую и прававую дапамогу, кінула расіяніна на водкуп беларускім уладам. Работнік пасольства толькі адзін раз наведаў 64-гадовага Іванова, 15 чэрвеня 2022 года, калі той знаходзіўся ў СІЗА. Цяпер Іваноў, у мінулым марскі афіцэр, сябр партыі "Адзіная Расія" адбывае пакаранне ў Магілёве. У 2014 годзе ў Віцебску сумесна з адстаўнымі вайскоўцамі заснаваў і спрабаваў зарэгістраваць міжнародную грамадскую арганізацыю "За сумленную ўладу".

Спачатку Пятра Яўстаф'евіча абвінавачвалі ў тым, што ён незаконна перасек беларуска-расейскую мяжу, пасля таго як вярнуўся ў Віцебск, са Смаленскай вобласці, куды ён па рашэнні выдвараны беларускімі ўладамі.

Падчас следства, абвінавачанне было дапоўнена артыкулам 188 (Паклёп) КК РБ. Па версіі следства, Іваноў у сваіх скаргах публічна бяздоказна абвінаваціў супрацоўнікаў віцебскага СІЗА, якія нібыта здзейснілі ў дачыненні да яго цяжкія службовыя злачынствы.

Асуджаны неаднаразова звяртаўся за абаронай і заступніцтвам да амбасадара РФ у Беларусі Барыса Грызлова з заявамі аб «выдзяленні на тэрыторыі Расіі жылля мне і маім сваякам, падвергнутых антырасейскімі неанацыстамі ў РБ тэрору і рабаванню». Пасля чацвёртага звароту, трэці сакратар расійскага пасольства Максімаў паведаміў Іванову, што перапіска з ім, па пытаннях абароны ад самавольства беларускіх улад, спынена.

У цяперашні час Іваноў адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў магілёўскай папраўчай калоніі №15.

Вольга Апіна