Фармальна, любыя цягнікі, у тым ліку з вайсковай тэхнікай, здымаць не забаронена. Аднак аршанца абвінавацілі за факт адпраўкі відэа на «экстрэмісцкі» інтэрнэт-рэсурс. Відавочна, што тэкст, размешчаны на сайце дзяржаўнай «Аршанскай газеты», мае на мэце зусім не інфармаванне чытачоў: хутчэй наадварот, бо інфармацыю аб перасоўванні вайскоўцаў і тэхнікі у Беларусі прыхоўваюць . Хутчэй артыкул разлічаны на запалохванне гараджан, якім яшчэ да суду паведамляюць пра патэнцыйнае жорсткае пакаранне затрыманага аршанца.
Сутнасць ягонай правіны выкладаецца трафарэтна: маўляў, хлопец прызнаўся, што быў падпісаны на розныя «экстрэмісцкія Telegram-каналы», дзе бачыў падобныя здымкі. І калі ён сам убачыў перасоўванні вайсковай тэхнікі ў раёне станцыі «Орша-Цэнтральная», то зняў відэа і адправіў яго «экстрэмістам».
Вобраз затрыманага хлопца прадстаўніца УСК імкнецца намаляваць у выключна негатыўным святле, згадаўшы, што ён не мае афіцыйнага працаўладкавання, а ў мінулым быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за крадзеж. Гэтыя падрабязнасці павінны стварыць у чытачоў уражанне, што здымаць вайсковую тэхніку на відэа, каб пераслаць яго ў «экстрэмісцкія Telegram-каналы» можа толькі чалавек з «сумнёўнай біяграфіяй».
Паказальна, што прадстаўніца УСК не канкрэтызуе, у якім напрамку рухаўся эшалон з вайсковай тэхнікай і ці былі гэта мясцовыя манеўры або перанакіраванне ўзбраення для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.
Што да падобных затрыманняў за здымкі вайсковай тэхнікі, то яны здараюцца перыядычна. Прыкладам, улетку мінулага году у садзеянні экстрэмізму быў абвінавачаны 33-гадовы жыхар Калінкавічаў, які даслаў у Telegram-каналы паведамленні з відэа - і фотаздымкамі тэхнікі, транспартных сродкаў і згадкамі пра маршруты руху ваенізаваных падраздзяленняў па вуліцах і аўтамабільных дарогах Гомельскай вобласці.
Юрка Жмых