13 жніўня 2021 году суддзя Уладзімір Царыкаў, разгледзеўшы справу аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч. 1 арт. 19.10 КаАП, пакараў фотамастака адміністрацыйным арыштам на 7 сутак.
Віктара Барысенкава вінавацілі ў размяшчэнні і захоўванні ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" ў адкрытым доступе чатырох фотаздымкаў з выявай нацысцкай сімволікі (свастыкі). З падобнай кваліфікацыяй Барысенкаў не пагадзіўся. Ён лічыць, што суддзя не цалкам даследаваў абставіны справы, а самое судовае следства было праведзенае аднабакова, няпоўна і неаб'ектыўна.
У судзе ён прызнаў факт размяшчэння на асабістай старонцы ў адкрытым доступе сярод 2289 фотаздымкаў, знятых нямецкімі ваеннымі фатографамі і вайскоўцамі нацысцкай Германіі за тры гады акупацыі Віцебску. Сярод гэтых фота апынулася ўсяго некалькі, на якіх відаць малюнак нацысцкай сімволікі. Віктар Барысенкаў таксама не адмаўляўся ад таго, што калекцыя знаходзіцца ў вольным доступе, адкрытая для даследчыкаў і выкарыстоўваецца гісторыкамі, краязнаўцамі, архітэктарамі, рэстаўратарамі, а таксама ўсімі, хто цікавіцца гістарычным мінулым Віцебску.
Падчас суду краязнаўца настойваў на тым, што фотаздымкі Віцебску часоў акупацыі маюць велізарную каштоўнасць, бо на іх зафіксаваныя месцы і падзеі ў многіх выпадках невядомыя ў іншых крыніцах. Такім чынам, гэтыя фота з'яўляюцца для гісторыкаў унікальнымі артэфактамі. Сабраныя разам, яны сведчаць з максімальнай паўнатой аб рэальных падзеях тых трагічных гадоў. Ваенны Віцебск на пераважнай большасці здымкаў паказаны амаль цалкам разбураным, і ў гэтым кантэксце адзінкавыя выпадкі малюнка нацысцкай сімволікі, на фотаздымках не можа не выклікаць пачуццё асуджэння і нянавісці да нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На думку Віктара, суддзя Царыкаў праігнараваў заўвагу да артыкулу 19.10. КаАП, згодна з якім не з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем публічнае дэманстраванне і захоўванне нацысцкай сімволікі ў сувязі з калекцыянаваннем культурных каштоўнасцяў і адукацыйнай дзейнасцю пры адсутнасці прыкмет прапаганды нацысцкай сімволікі. Не разабраўся суддзя, што калекцыя выкарыстоўвалася і ў адукацыйных мэтах.
Барысенкаў настойвае на тым, што матэрыялы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні не ўтрымліваюць ніводнага доказу таго, што 4 з 6239 фотаздымкаў калекцыі прапагандуюць нацысцкую сімволіку.
«Наадварот, матэрыяламі справы ўстаноўлена адваротнае, у тым ліку тое, што знаходжуся ў 25-ці супольнасцях гістарычнай тэматыкі», – дадаў «правапарушальнік».
Падаўшы скаргу ў вышэйшы суд, Віктар спадзяецца, што ягоная справа будзе разгледжаная "строга па законе", будуць улічаныя ягоныя довады, выкладзеныя ў скарзе, і гэта прывядзе да адмены пастановы суддзі Царыкава. Віктар Барысенкаў спадзяецца, што справа будзе спыненая праз адсутнасць складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Віталь Кажух