Юлія Кашаверава прызнала віну часткова. Яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, не стрымалася і нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. Але запэўніла, што па правых бакавых – удараў не наносіла, маску і кепку з супрацоўніка МУС не зрывала.
Пракуратура запатрабавала 6 гадоў
Пракурор Лабацкі 19 лютага пераконваў, што ўчыненае злачынства звязанае з актыўным непадпарадкаваннем супрацоўнікам МУС пры выкананні імі службовых абавязкаў. Прасіў прызнаць Юлію Кашавераву вінаватай ва ўчыненні злачынства паводле ч. 2 арт. 339 КК і прымяніць у дачыненні да яе ізаляцыю ад грамадства.
Настойваў лічыць яе дзеянні наўмыснымі, якія груба парушалі грамадскі парадак, выказвалі яўную непавагу да грамадства, і суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці.
Прасіў прызначыць Кашаверавай пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на 6 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Адвакатка просіць апраўдаць Кашавераву
Абаронца Кашаверавай звярнула ўвагу суду на супярэчлівыя сведчанні камандзіра звяна АМАПу Аляксея Альхімовіча, з якога Кашаверава нібыта сарвала маску і кепку. Між іншага, ён паказаў, што не бачыў моманту, калі яе зрывалі. Адвакатка настойвала, што супярэчлівыя паказанні Альхімовіча не могуць быць прызнаныя дакладнымі і пакладзенымі ў аснову абвінавачання.
Адвакатка нагадала, што першапачаткова пры выстаўленні абвінавачвання Кашевераву не вінавацілі ў зрыванні маскі, кепкі і ў пашкоджанні бакавых дзвярэй мікрааўтобуса. А дзеянні кваліфікаваліся паводле ч.1 арт. 339 КК (хуліганства). Юлія Кашаверава неаднойчы запэўнівала, што кепку яна падняла з зямлі і перадала іншай дзяўчыне. Момант перадачы зафіксаваны на відэа.
Апытаныя ў судовым паседжанні сведкі паказалі, што пашкоджанне бакавых дзвярэй магло адбыцца ў выніку ўдару аб яе грамадзяніна, якога тады затрымлівалі. Ніхто з апытаных не засведчыў, што пашкоджанні маглі быць зробленыя Кашаверавай.
Яшчэ 2 кастрычніка ў Кастрычніцкім РАУС Кашаверава не адмаўлялася ад таго, што нанесла тры ўдары па задняй частцы аўтамабіля. Прызнанне было зробленае яшчэ да завядзення крымінальнай справы, што сведчыць пра праўдзівасць падабароннай, а паводле ч.1 арт. 169 КПК можа расцэньвацца як яўка з павіннай.
Сыходзячы з гэтага, адвакатка прасіла апраўдаць сваю падабаронную праз адсутнасць у яе дзеяннях складу злачынства паводле ч. 2 арт.339 КК.
Кашаверава: «Не пазбаўляйце мяне свабоды!..»
У апошнім слове Юлія нагадала, што з самага дзяцінства бацькі вучылі яе дабрыні, узаемадапамозе, клопату аб людзях. Менавіта таму яна і выбрала прафесію медсястры. Будучых медыкаў вучылі дапамагаць пацярпелым людзям незалежна ад іх статусу і ад таго, дзе здарылася бяда.
«4 кастрычніка ў натоўпе я пабачыла чалавека, які ляжаў тварам уніз. Першае, што прыйшло ў галаву, – гэта даведацца, што здарылася, ці не страціў ён прытомнасць, і дапамагчы. У гэты момант я прыгадала маці, за жыццё якой змагалася ўся сям’я», – тлумачыла Юлія.
Дзяўчына некалькі разоў спрабавала падысці да чалавека, а потым міліцыянты ўжылі газ, а на зямлі ўжо нікога не было – невядомы хлопец знік.
«Мне стала крыўдна за сябе, бо не здолела дапамагчы. Так, я прызнаю сваю віну: я ўдарыла па машыне тры разы. Я ўчыніла правапарушэнне, але не судзіце мяне строга. Не пазбаўляйце мяне свабоды!» – скончыла Юлія Кашаверава.
Прысуд будзе вынесены 22 лютага (14.10).
С. Горкі