Пастанову аб пакаранні штрафам на 10 базавых велічынь вынес суддзя Віктар Баліка. Ён палічыў, што Віктар Стукаў сапраўды ўчыніў правапарушэнне, вывесіўшы, як запісана ў пастанове, каляровае палотнішча «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў».
Стукаў сваёй віны не прызнаў: «Юрыдычна я нічога не парушыў, вывесіўшы палотнішча для прасушкі на вяроўкі балкона. Больш за тое! Калі прыняць версію суду, што гэткім чынам я выказваў нейкія свае погляды – дык тады атрымліваецца, што гэта чыноўнікі міліцыі і суду парушылі маё права на свабоднае выказванне свайго меркавання, што гарантуе мне арт. 33 Канстытуцыі».
Але больш за ўсё Віктара Стукава абурыла яго адвольнае затрыманне на трое сутак. Палачаніна затрымалі проста на пешаходным пераходзе – на той падставе, што ён калісьці і дзесьці пераходзіў дарогу ў неўстаноўленым месцы. Аднак у Полацкім РАУСе маёр міліцыі Ігар Емяльянаў склаў на Стукава пратакол паводле арт. 23.34 – за «незаконны пікет на балконе».
«Як мне сказалі ў міліцыі, рашэнне аб размяшчэнні мяне ў ІЧУ да суду прыняў дзяжурны па РАУСе, хоць у гэтым не было ніякай неабходнасці, бо я мог проста з'явіцца ў суд па позве. Я папярэдзіў дзяжурнага, што ён такім чынам перашкодзіць дзейнасці прафсаюзу. У мяне былі набытыя на пятніцу 18 снежня электронныя квіткі да Менску і назад для ўдзелу ў пасяджэнні Рады Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ)», – расказаў Віктар Стукаў.
З ягоных слоў, ён ужо накіраваў адпаведную заяву ў пракуратуру – з просьбай аб правядзенні праверкі па факце парушэння прававых нормаў заканадаўства службовымі асобамі Полацкага РАУС.
Наконт умоваў утрымання ў ізалятары Віктар Стукаў канстатуе прагрэс у параўнанні з тым, што назіралася ў ІЧУ ў 2017-м годзе. Пасля шматлікіх скаргаў у 2018 годзе там правялі капітальны рамонт. Стукаў расказвае, што камеру №1 пашырылі, цяпер яна на 8 чалавек, стаяць двухʼярусныя ложкі, зʼявілася рукамыйніца, часам у ёй ёсць нават цёплая вада, зʼявілася кабінка з дзверцамі ў прыбіральні. У камеры, па словах Віктара, стала цяплей. Харчаванне прывозяць з гарадской сталовай, часам яго недастаткова, але перыядычна даюць кіпень.
«Трэба патрабаваць, каб у камерах часцей праводзілі сурʼёзную санітарную апрацоўку, бо туды часта прыносяць блох і вошай. Некаторыя людзі выходзяць з ІЧУ моцна пакусанымі, звяртаюцца пасля гэтага ў спецыялізаваны дыспансер», - падсумоўвае Віктар Стукаў.
Аляксандр Марозаў