Суддзя Ірына Смалякова разглядала скаргу Таццяны Філімонавай на рашэнне суду Першамайскага раёну Віцебску ад 2 верасня 2020 году. Згодна з пастановай, Філімонава была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці на падставе ч.3 арт. 23.34 КаАП і аштрафаваная на 20 базавых велічынь(540 рублёў). Філімонаву вінавацілі ў тым, што 11 верасня яна ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
У сваёй скарзе віцяблянка выказала нязгоду з пастановай суду першай інстанцыі. Акрамя аргументацыі, выказанай у скарзе, дадала, што 11 верасня яе затрымалі наўпрост у летнім кафэ на праспекце Будаўнікоў, дзе яна бавіла час са сваімі знаёмымі. Паведаміла, што 2 кастрычніка запісалася на прыём да намесніка начальніка УУС Дзмітрыя Рэзянкова, якому прынесла скаргу на сваё незаконнае затрыманне. Адразу пасля размовы Філімонаву затрымалі і прымусова прывезлі ў суд. Суддзя Міхаіл Юрчанка за ўдзел у несанкцыянаваных шэсцях 11 і 21 жніўня двойчы аштрафаваў Таццяну Філімонаву.
Актывістка звярнула ўвагу суддзі на шэраг працэсуальных парушэнняў у матэрыялах адміністрацыйнай справы. Гэтак, жанчына патлумачыла, што яе ніхто не апытваў, але аркуш з апытаннем у матэрыялах справы маецца, хаця і без яе подпісу. Час затрымання ўказаны недакладны. У пратаколе маецца выпраўленая дата. Рапарт і пратакол складзены рознымі супрацоўнікамі.
Таксама жанчына расказала, што суд Першамайскага раёну адмовіў ёй у просьбе выклікаць асобаў, якія былі сведкамі яе затрымання. Адмовілі толькі на той падставе, што яна не ведала іх імёнаў па бацьку.
«Мне адмовілі абсалютна ва ўсім, што магло дапамагчы мне даказаць маю невінаватасць! Суд палічыў дастатковым для вынясення рашэння толькі рапарт аб маім затрыманні! То бок калі нехта захоча прыцягнуць мяне да адказнасці, будзе дастатковым скласці на мяне рапарт – і суддзя паверыць яму проста таму, што ён займае нейкаю пасаду...» – казала Таццяна Філімонава.
Суддзя Смалякова пастанову суду Першамайскага раёну ад 2 верасня адмяніла і адправіла на новы разгляд іншым суддзёй.
Другую скаргу Таццяны Філімонавай на пастанову Першамайскага суду Віцебску ад 2 верасня па ч. 3 арт 23.34 разглядаў суддзя абласнога суду Ігар Стэфаноўскі. Актывістку абвінавацілі ў тым, што 21 жніўня яна ўзяла ўдзел у пікетаванні з парушэннем усталяванага заканадаўствам парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства.
Філімонава з пастановай не пагадзілася. Выказала ў скарзе меркаванне, што судом неправамерна ўжытыя нормы, якія ўстанаўліваюць адміністрацыйную адказнасць. Не пагадзілася з тым, што суд палічыў дастатковым для яе абвінавачання відэаздымку, дзе зафіксаваная візуальна падобная да яе жанчына, твару якой не бачна.
Суддзя Стэфаноўскі выслухаў Філімонаву і палічыў, што, раз скаржніца не аспрэчвае сваё знаходжанне ў групе пратэстоўцаў, а акцэнт у скарзе робіць на тым, што суд не кіраваўся нормамі міжнароднага права, то ён мае права пакінуць пастанову без зменаў, а скаргу без задавальнення. Выказаныя Філімонавай вусныя заўвагі суддзя пад увагу не ўзяў.
У гэты ж дзень Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргі грамадскіх актывістаў Алега Паўлава і Станіслава Яроцкага на рашэнне судоў ніжэйшай інстанцыі. Суддзя Ірына Смалякова пакінула рашэнні суду без зменаў, а скаргі без задавальнення.
С. Горкі