Полацкае райпа стала ўжо чацьвёртым раённым спажывецкім таварыствам Віцебскай вобласьці, у дачыненьні да якога распачатая працэдура банкруцтва. Таксама банкрутуюць Шумілінскае, Браслаўскае і Глыбоцкае райпа. На чарзе — Аршанскае.
Што такое «райпа»?
Белкаапсаюз (Белспажыўсаюз), які аб’ядноўвае рэгіянальныя спажывецкія таварыствы, — самая буйная гандлёвая сетка Беларусі, яна складаецца з абласных і раённых спажывецкіх таварыстваў («райпа», «райспажыўтаварыства»). Летась Белкаапсаюзу споўнілася 100 гадоў. Гэтую структуру называюць найбуйнейшым дзяржаўным рытэйлерам. Апроч крамаў, яна мае сетку кавярняў.
Структуры Белкаапсаюзу таксама займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем каштоўных пародаў пушных зьвяроў, скупляюць у насельніцтва ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншыя харчы. Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя падразьдзяленьні, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш за 86 тысяч чалавек.
Белкаапсаюз мае 8,1 тысячы крамаў, сярод іх 6,9 тысячы — харчовых і зьмяшанага асартымэнту. Амаль 70% іх — у сельскай мясцовасьці. 704 аўтакрамі дастаўляюць тавары жыхарам больш як 14,4 тысячы маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных крамаў.
Цяпер «Белкаапсаюзам» кіруе Валер Іваноў. Да яго гэтую пасаду займаў Сяргей Сідзько, якога ў 2015 годзе Вярхоўны суд пакараў за хабар і злоўжываньне ўладай 12 гадамі турмы. У жніўня 2018 году першы намесьнік старшыні Белкаапсаюзу Дзьмітры Баранаў таксама быў асуджаны на 7 гадоў калёніі за атрыманьне хабару.
У выніку банкруцтва райпа на Віцебшчыне зачыненыя сотні вясковых крамаў, будынкі распрадаюцца, шмат у якіх вёсках крамаў ня будзе, людзям давядзецца чакаць «аўталавак». Такая сытуацыя складаецца і ў іншых раёнах Беларусі.
Замест стацыянарных гандлёвых пунктаў у малыя вёскі тры разы на тыдзень прыяжджаюць аўтакрамы спажывецкага таварыства. Аднак вяскоўцы кажуць, што гэта вельмі нязручна. У некаторых вёсках людзі пратэстуюць супраць закрыцьця крамаў.
Напрыканцы 2017 году старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў заяўляў, што працу спажывецкай каапэрацыі трэба цалкам перабудаваць, бо кожнае 3-е райпа Віцебшчыны стратнае. Цягам году ён загадаў «зьмяніць схему кіраваньня структурай, вызваліцца ад няпрофільных актываў, забясьпечыць эфэктыўнае гандлёвае абслугоўваньне насельніцтва».