Каб падтрымаць у судзе Глыбоцкага раёну Алана Сьміта, які ўтрымліваецца пад вартай з 29 верасьня 2016 году, у Беларусь зь Лёндану прыехалі яго сястра Сара і стрыечны брат Гары. Яны ўпэўненыя, што Алан ні ў чым не вінаваты, і спадзяюцца на справядлівае рашэньне суду, які ва ўсім разьбярэцца і вызваліць іх сваяка.
Сястра Алана Сара Сьміт і яго стрыечны брат Гары Сьміт
Бараніць інтарэсы падданага Вялікай Брытаніі ў судзе будуць адразу двое абаронцаў: адна адвакатка прыехала зь Менску, другая – прадстаўніца мясцовай адвакацкай супольнасьці ў Глыбокім.
Гутарка сваякоў абвінавачанага з адвакатамі
Напярэдадні Алан Сьміт быў этапаваны зь віцебскага сьледчага ізалятару ў глыбоцкі ізалятар часовага ўтрыманьня. Як даведаліся сваякі, побытавыя ўмовы ўтрыманьня ў Глыбокім горшыя, ніж былі ў віцебскім СІЗА. Паводле іх сьцьверджаньня, Алана зьмясьцілі ў памяшканьне без акна, у якім няма вэнтыляцыі, адсутнічае ракавіна, каб мыць рукі, і няма ўнітазу – на яго пытаньне пра туалет, яму адказалі, што для гэтага ў кутку стаіць вядро.
Канваяваньне абвінавачаных у суд
У судзе з усіх абвінавачаных толькі Вольга Грахоўская заявіла, што часткова прызнае сваю віну: маўляў, вінаватая, але дзейнічала самастойна, а ня ў складзе групы асобаў. Арсень Рачкоўскі і Алан Сьміт віны не прызналі.
Вольга Грахоўская
Па завяршэньні падрыхтоўчай часткі судовага паседжаньня, падчас якой былі выкананыя неабходныя фармальнасьці (спраўджаныя зьвесткі пра абвінавачаных, зачытаныя іх правы, прадстаўленыя адвакаты, перакладчык, склад суду і г.д.), судзьдзя распачаў судовае сьледзтва.
У першы дзень судовага разбору, 25 траўня, дзяржаўны абвінаваўца распавёў пра сутнасьць абвінавачаньня, а затым пачаўся допыт сьведак. На паседжаньне, якое пачалося пасьля абедзеннага перапынку, былі выкліканыя двое сьведак, астатнія будуць апытвацца цягам наступных некалькіх дзён.
Дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кучэрын пачаў свой выступ надзвычай доўгім і заблытаным выслоўем. Наступная тырада прагучала зь ягоных вуснаў як адзін сказ:
«Расьсьледаваньнем крымінальнай справы выяўлена, што Сьміт Алан Пол супольна з Рачкоўскім Арсенем Мікалаевічам, Грахоўскай Вольгай Мікалаеўнай, Грахоўскім Андрэем Мікалаевічам і іншымі нявысьветленымі асобамі наўмысна, дзейнічаючы ў складзе ўстойлівай, кіраванай, нацэленай на супольную злачынную дзейнасьць, створанай нявысьветленай асобай арганізаванай злачыннай групы, якая займалася дзейнасьцю па арганізацыі незаконнай міграцыі замежных грамадзян, строга падпарадкоўваючыся вызначанай у арганізаванай злачыннай групе герархіі, выконваючы ўказаньні арганізатара і кіраўніка арганізаванай злачыннай групы дзеля дасягненьня супольных злачынных мэтаў, выконваючы адведзеную яму ролю кіраўніка групы замежных грамадзян з Рэспублікі Ірак групай асобаў паводле папярэдняй змовы ў складзе арганізаванай злачыннай групы – Грахоўскай Вольгай Мікалаеўнай, Грахоўскім Андрэем Мікалаевічам, Рачкоўскім і іншымі нявысьветленымі ў ходзе сьледзтва асобамі – пры гэтым намерам кожнага ахопліваліся дзеяньні іншых удзельнікаў – з карысьлівых памкненьняў аказаў садзейнічаньне ў дзейнасьці арганізаванай злачыннай групы па незаконным уездзе, знаходжаньні, транзытным праезьдзе праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і выезьдзе з Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян пры наступных абставінах...»
Каб далей не стамляць чытача грувасткім стылем выкладу супрацоўнікам пракуратуры свайго бачаньня карціны, падаём дэталі справы, як іх бачыць бок абвінавачаньня, ва ўласным пераказе.
Вось жа, згодна з высновамі папярэдняга сьледзтва, існавала нейкая арганізаваная злачынная група, якая ставіла на мэце дапамагаць грамадзянам Іраку незаконна трапляць у краіны Эўразьвязу праз тэрыторыю Беларусі. Арганізатар і кіраўнік гэтай групы – нейкая нявысьветленая асоба. Гэты таямнічы кіраўнік і іншыя нявысьветленыя чальцы групы, знаходзячыся на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і Іраку, не пазьней за 24 жніўня 2016 году (больш дакладна месца і час ня высьветленыя), праз грамадзяніна Іраку зьвярнуліся ў адну зь менскіх турфірмаў з мэтай арганізацыі турыстычнай паездкі для трох грамадзян Іраку ў Беларусь.
Паводле сьледзтва, сапраўднай мэтай іракцаў быў не турызм: яны мелі намер прыехаць у Беларусь, каб далей перасячы яе дзяржаўную мяжу па-за афіцыйнымі пунктамі пропуску і такім спосабам нелегальна трапіць у краіны Эўразьвязу. Тым ня менш хадайніцтва на атрыманьне беларускіх віз ад турфірмы было атрыманае, і 1 верасьня 2016 году іракцы прыбылі ў нацыянальны аэрапорт «Менск», дзе іх сустрэлі прадстаўнікі турфірмы і на два дні зарэгістравалі ў гатэлі «Сталіца».
Як распавёў пракурор, невядомы кіраўнік злачыннай групы паведаміў Андрэю Грахоўскаму (цяпер ён знаходзіцца ў вышуку) і іншым чальцам групы пра прыбыцьцё іракцаў і іх месцазнаходжаньне. Было паведамлена пра гэта і Алану Сьміту, які, згодна са словамі дзяржаўнага абвінаваўцы, прыехаў у Беларусь з мэтай сустрэчы замежнікаў і «выкананьня адведзенай яму ролі прадстаўніка інтарэсаў незаконных мігрантаў у органах кіраваньня і дзяржаўнай улады, а таксама ў розных арганізацыях Рэспублікі Беларусь».
Паводле боку абвінавачаньня, з 2 верасьня 2016 году Алан пачаў кіраваць дзеяньнямі групы іракцаў. Ён нібыта арганізоўваў іх пераезды і пражываньне ў новых месцах, адрозных ад месца рэгістрацыі, і адначасова пачаў рабіць захады па выбары спосабу працягненьня тэрмінаў іх знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі. А недзе праз тыдзень нібыта атрымаў указаньне забясьпечыць прыезд у Менск яшчэ 4-х чалавек з Іраку, дзеля чаго зьвярнуўся да нейкага прадстаўніка беларускага бізнэсу, якому перадаў пашпартныя дадзеныя і фатаграфіі іракцаў. Той, у сваю чаргу, аформіў праз прыватнае гандлёвае прадпрыемства хадайніцтвы пра выдачу кароткатэрміновых віз з мэтай разьвіцьця ў Рэспубліцы Беларусь дзелавых стасункаў гэтым грамадзянам Іраку ды перадаў хадайніцтвы ў консульскі пункт у менскім нацыянальным аэрапорце.
Чарговая група грамадзян Іраку прыбыла ў Беларусь 16 верасьня 2016 году. Як сьцьвярджае прадстаўнік пракуратуры, у аэрапорце іракцаў сустрэў Алан Сьміт. Ён жа арганізаваў іх пражываньне ў Менску. А на наступны дзень атрымаў праз аддзяленьне банку міжнародны грашовы перавод Western Union з Іраку на суму 5500 даляраў (7 мільёнаў 268 тысяч ірацкіх дынараў): «дзеля дасягненьня супольных злачынных мэтаў арганізаванай злачыннай групы», – паўтарыў вэрсію сьледзтва наконт прызначэньня пераводу пракурор.
21 верасьня «Сьміт, маючы на мэце аказаньне садзейнічаньня ў дзейнасьці арганізаванай злачыннай групы па выезьдзе з Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян, прыбыў на чыгуначны вакзал Брэст-Цэнтральны». Паводле сьледзтва, там ён купіў для грамадзян Іраку квіткі і пасадзіў іх на цягнік «Берасьце-Тэрэспаль», аднак апошнім ва ўездзе ў Польшчу было адмоўлена праз адсутнасьць у іх віз краінаў Шэнгенскага пагадненьня. На наступны дзень гісторыя нібыта паўтарылася, але чарговая спроба адправіць іракцаў у Польшчу цягніком таксама аказалася няўдалай.
Між тым у часткі іракцаў заканчваўся тэрмін дзеяньня беларускіх віз. І, «працягваючы дзейнічаць у інтарэсах арганізаванай злачыннай групы, Сьміт, маючы на мэце аказаньне садзейнічаньня ў незаконным знаходжаньні ў Рэспубліцы Беларусь грамадзян Рэспублікі Ірак... ініцыяваў зварот Саліх Шахул Абдула Саліх ва ўстанову аховы здароўя «6-ы гарадзкі клінічны шпіталь гораду Менску» і ў дзяржаўную ўстанову траўматалёгіі і артапэдыі з мэтай атрыманьня апошняй мэдычных даведак пра стан здароўя і рэкамэндацыяў наконт далейшага лекаваньня, якія зьявіліся падставай для працягненьня тэрміну знаходжаньня вышэйназваных замежных грамадзян на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – распавёў пра далейшую «злачынную» дзейнасьць брытанца дзяржаўны абвінаваўца Кучэрын. Натуральна, зварот іракцаў у аддзел па грамадзянстве і міграцыі з заявай аб працягненьні іх знаходжаньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь «ініцыяваў», паводле словаў Кучэрына, усё той жа спадар Сьміт.
А што ж рабілі ўвесь гэты час беларускія ўдзельнікі «злачыннай групы»? Калі верыць сьледзтву, то не пазьней як 6 верасьня (то бок за шмат дзён да прыбыцьця ў Беларусь другой групы іракцаў і да спробы прадстаўнікоў абедзьвюх групаў выехаць на цягніку ў Польшчу) Андрэй Грахоўскі, выкарыстоўваючы «мабільную тэлефонную сувязь і IP-тэлефанію (мабільны інтэрнэт)», даў указаньне Вользе Грахоўскай пра неабходнасьць «падбору асобаў і транспартных сродкаў для перавозкі групы незаконных мігрантаў на прымежную тэрыторыю Браслаўскага раёну, пошуку зямельных участкаў і домаўладаньняў на прымежнай тэрыторыі Браслаўскага раёну Рэспублікі Беларусь зь Летувіскай Рэспублікай з мэтай часовага разьмяшчэньня групаў незаконных мігрантаў, пошуку асобаў для непасрэднага пераводу незаконных мігрантаў празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь».
У адпаведнасьці са словамі дзяржаўнага абвінаваўцы, жыхарка Браслаўскага раёну Грахоўская не пазьней як 24 верасьня зьвязалася з Рачкоўскім, які знаходзіўся на тэрыторыі Менскай вобласьці, а той, у сваю чаргу, знайшоў транспарт і людзей, гатовых дапамагчы яму ў перавозцы мігрантаў. Натуральна, дзейнічала яна нібыта на загад невядомага кіраўніка злачыннай групы.
Фінальным днём у гісторыі, расказанай пракурорам, стала 25 верасьня 2016 году. У гэты дзень Грахоўская зноў зьвязалася з Рачкоўскім і паведаміла яму адрас у Менску, адкуль трэба забраць незаконных мігрантаў. А Алан Сьміт нарэшце выканаў ранейшае ўказаньне кіраўніка злачыннай групы наконт неабходнасьці аб'яднаньня двух групаў іракцаў, што прыбылі 1 і 16 верасьня, і на не высьветленым падчас сьледзтва транспартным сродку даставіў дваіх іракцаў да пад'езду жылога дому, дзе ў кватэры пражывалі яшчэ чацьвёра грамадзян Іраку, да якіх ужо прыбыў Рачкоўскі.
«Пасьля ажыцьцяўленьня пасадкі шасьцярых грамадзян Іраку ў аўтамабілі... Сьміт паведаміў праз тэлефонную сувязь і IP-тэлефанію арганізатару і іншым удзельнікам арганізаванай злачыннай групы пра выкананьне раней атрыманых указаньняў, а два аўтамабілі... паехалі з 6-цю грамадзянамі Рэспублікі Ірак з гораду Менску ў накірунку дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь зь Летувіскай Рэспублікай па маршруце, паведамленым Грахоўскай», – распавёў супрацоўнік пракуратуры ў судзе. Замежных грамадзян суправаджаў у дарозе Рачкоўскі. Пра лёс сёмага іракца, які раней знаходзіўся ў складзе двух групаў іракцаў, што прыбылі ў Беларусь 1 і 16 верасьня, пракурор нічога не паведаміў.
«25 верасьня 2016 году а 18:40 пры ўезьдзе ў аграгарадок Казяны Відзаўскага сельскага савету Браслаўскага раёну аўтамабілі... з шасьцю грамадзянамі Рэспублікі Ірак... былі спыненыя і затрыманыя супрацоўнікамі памежнага паста «Казяны», што пацягнула спыненьне зьдзяйсьненьня гэтага злачынства», – завяршыў апісаньне падзеяў дзяржаўны абвінаваўца Кучэрын.
Допыт сьведак, які пачаўся пасьля, не праліў сьвятла на тое, ці адпавядае рэчаіснасьці вэрсія сьледзтва што да ўдзелу грамадзяніна Вялікай Брытаніі ва ўсёй гэтай гісторыі.
У першы дзень суду ў якасьці сьведак былі выкліканыя асобы, якія ўдзельнічалі ў транспартыроўцы грамадзян Іраку зь Менску ў Браслаўскі раён, таму яны маглі распавесьці толькі пра тое, з кім і як дамаўляліся пра перавозку людзей, калі, куды і з кім пад'яжджалі, хто сядаў ў машыну, куды ехалі, як іх затрымлівалі.
Паводле сьведак – кіроўцаў і ўладальнікаў машын, яны нават не здагадваліся, што неяк дапамагаюць незаконнай міграцыі іншаземных грамадзян. Так, на пытаньне пракурора пра этнічную прыналежнасьць пасажыраў у яго аўто, якіх ён узяўся перавезьці ў Браслаўскі раён, кіроўца Генадзь Царун адказаў, што падумаў быў, што гэта людзі нацыянальнасьці рома, як і Арсень Рачкоўскі, які дамаўляўся зь ім; і толькі калі іх затрымалі, ён зразумеў, у чым удзельнічаў. А 4-й раніцы наступнага дня яго і Рачкоўскага адпусьцілі, і яны пайшлі да сястры Рачкоўскага Грахоўскай, што жыве недалёка ад памежнай заставы. І там кіроўца выказаў апошнім усё, што думае пра здарэньне...
Падчас допыту ў судзе, пракурор задаў Царуну пытаньне, хто яшчэ з падсудных, апроч Рачкоўскага, быў на месцы пасадкі іракцаў у машыну, якой той кіраваў. Царун адказаў, што ніхто. «А гляньце ўважліва на чалавека зьлева ў акулярах». – «Па-мойму, ён быў там», – няўпэўнена адказаў сьведка наконт Алана, здагадаўшыся, якога адказу ад яго чакаюць.
Такім чынам, першы дзень разгляду справы пра незаконную міграцыю ў судзе Глыбоцкага раёну пакінуў пытаньняў больш, чым даў адказаў. Вэрсія сьледзтва, агучаная дзяржаўным абвінаваўцам, выглядае хоць і праўдападобнай, але пакуль бяздоказнай.
Калі сьледзтва сапраўды раскрыла справу пра дзейнасьць арганізаванай злачыннай групы, то чаму арганізатар і кіраўнік гэтай групы (як і іншыя ўдзельнікі) так і застаўся «нявысьветленай асобай»? Мабыць, сьледзтва нешта недапрацавала?
Калі згаданы «нявысьветлены» арганізатар і кіраўнік пастаянна даваў нейкія ўказаньні абвінавачаным, то чаму пра ніводнае з гэтых ўказаньняў няма ніякіх падрабязнасьцяў, а вядома толькі тое, што яны даваліся «праз выкарыстаньне мабільнай тэлефоннай сувязі і IP-тэлефаніі (г.зн. мабільнага інтэрнэту)» «не пазьней за» тую ці іншую дату («больш дакладна час ня вызначаны») – менавіта такімі словамі пракурор увесь час апісваў узаемадзеяньне чальцоў «групы» зь яе меркаваным каардынатарам?
Калі грамадзянін Вялікай Брытаніі Алан Сьміт, з аднаго боку, і грамадзяне Беларусі, што паўсталі перад судом, з другога боку, дзейнічалі ў складзе адной арганізаванай злачыннай групы, то чаму яны ніяк не ўзаемадзейнічалі паміж сабою (прынамсі, фактаў такога ўзаемадзеяньня пракурор не падаў, апроч таго, што Рачкоўскі і Сьміт нібыта разам кіравалі групай мігрантаў падчас іх пасадкі ў аўтамабілі)? І чаму на судзе яны трымаліся як людзі, што не знаёмыя адно з адным?
Калі ад пачатку плян кіраўніцтва арганізаванай зачыннай групы палягаў ў тым, што грамадзяне Іраку пасьля ўезду ў Беларусь паспрабуюць перасячы дзяржаўную мяжу Беларусі з краінамі Эўразьвязу «па-за афіцыйнымі пунктамі пропуску», то навошта Алан Сьміт спрабаваў адправіць іх у Польшчу на цягніку – менавіта праз афіцыйны пункт пропуску, з праходжаньнем усіх памежных працэдураў?
Калі Алан Сьміт сапраўды дапамагаў замежным грамадзянам «у незаконным уезьдзе ў Рэспубліку Беларусь, знаходжаньні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, транзытным праезьдзе праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і выезьдзе з Рэспублікі Беларусь», як сьцьвярджае сьледзтва, то чаму да гэтых замежных грамадзян не паўстала ніякіх пытаньняў у памежнікаў, калі тыя спрабавалі зьехаць зь Беларусі цягніком «Берасьце-Тэрэспаль»?
Пакуль першае ўражаньне, што засталося ад суду, – сумненьне ў слушнасьці высноваў сьледзтва. Бо ўся схема абвінавачаньня пабудаваная на тым, што нехта «нявысьветлены» арганізаваў і кіраваў дзеяньнямі ўсёй групы, і ўсе ўдзельнікі групы атрымлівалі нейкія ўказаньні ад гэтага «невядомага».
А што, калі гэтага «арганізатара і кіраўніка» не існуе ў прыродзе (а доказаў яго існаваньня пакуль не прагучала)? Тады ўся схема рассыпаецца. Бо тады выходзіць, што спадар Алан ня мае ніякага дачыненьня да спадара Рачкоўскага і спадарыні Грахоўскай. І тады ўся гісторыя, што ўсе яны належаць да адной злачыннай групы, зьяўляецца ня больш, чым выдумкай.
А калі наогул не існуе арганізаванай злачыннай групы, пра якую казаў абвінаваўца, ці імаверна, што Алан мог дапамагаць у нечым грамадзянам Іраку шчыра, пры гэтым не зьдзяйсьняючы ніякага злачынства, без усялякага карысьлівага намеру? Так. Алан, які, дарэчы, сам нарадзіўся на курдзкай тэрыторыі Іраку, – уладальнік двух кампаніяў: адна зь іх, зарэгістраваная ў Вялікай Брытаніі, займаецца нафтай і газам, і, вядома, сярод яго партнэраў і знаёмых могуць быць прадстаўнікі Іраку, краіны, якая зьяўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў вуглевадародаў у сьвеце.
Ён дапамагаў іракцам купляць квіткі на цягнік, атрымліваць даведкі ў мэдычных установах, зьвяртацца ў органы грамадзянства і міграцыі наконт падаўжэньня тэрміну знаходжаньня ў Беларусі? З вуснаў пракурора гэта прагучала бяз доказаў, але нават калі сказанае ім – факт, што з таго? Хіба купля квіткоў і звароты ў дзяржаўныя органы – злачынства?
А што тычыцца атрыманьня грошай з-за мяжы афіцыйным шляхам, праз перавод, атрыманы ў банку – няўжо і гэта злачынства?
Сумненьні ў слушнасьці высноваў сьледзтва ўзмацніла карцінка з залі суду. Неяк цяжка паверыць, што існуе якая-небудзь сувязь паміж адукаваным, інтэлігентным мужчынам-эўрапейцам у акулярах і двума грамадзянамі Беларусі, што стаяць у той самай клетцы, адзін зь якіх скончыў толькі сем клясаў школы і мае ўжо шэсьць судзімасьцяў (за наркотыкі і кіраваньне аўтамабілем ў стане алькагольнага ці наркатычнага ап'яненьня), а другая – тры клясы адукацыі і дзьве судзімасьці (крадзеж), але пры гэтым, згодна з высновамі сьледзтва, нібыта выконвала складаныя заданьні ў лягістыцы ў складзе арганізаванай злачыннай групы.
Што з агучанага дзяржаўным абвінаваўцам зьяўляецца фактам, а што толькі фантазіяй сьледчых – пакажа далейшы судовы разбор. Застаецца спадзявацца, што ў выніку судзьдзя разьбярэцца ва ўсім і вынесе бесстароньняе ды справядлівае рашэньне.
Кастусь Дзьвінскі