На спэцаўтабазе жывёлы ўтрымліваліся ў жахлівых умовах і бязь ежы, а работнік прадпрыемства нападаў на актывістаў і спрабаваў вырваць мікрафон. Але міліцыя адмовілася заводзіць справу на спэцаўтабазу і яе супрацоўнікаў. Заслухаўшы ўсе тлумачэньні валянтэраў Алены Мірашнічэнкі і Арцёма Ісачэнкі, Віцебскі абласны суд пакінуў у сіле рашэньне суду Воршы і Аршанскага раёну.
Актывістка Алена Мірашнічэнка адзначыла, што судзьдзі на абодвух паседжаньнях нават не выходзілі з залі для абдумваньня рашэньняў.
– Суд прайшоў стабільна, бязь зьменаў, хутка, усё адразу. Вельмі зьдзівіла тое, што судзьдзям не спатрэбілася нават 10 сэкунд, каб прыняць рашэньне. Было ўсё прынятае імгненна, хаця і гучалі довады аб тым, што мы прызнавалі сваю віну, не прыцягваліся ніколі да адказнасьці, але гэта ніяк не паўплывала на рашэньне судзьдзі. Мы ўжо пракансультаваліся з адвакатам Анастасіяй Жаўрыд. Найбліжэйшым часам яна будзе рыхтаваць тэкст абскарджаньня.
26 красавіка ў Віцебскім абласным судзе адбудуцца слуханьні па скаргах астатніх валянтэраў, у тым ліку і Юліі Малышавай, якая была прыцягнутая да адказнасьці па трох артыкулах адміністрацыйнага кодэксу, а менавіта за «Незаконнае пранікненьне на ахоўваемую тэрыторыю», «Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы падчас выкананьня ёй службовых паўнамоцтваў», а таксама «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» і атрымала штраф, які ў суме складае 46 базавых велічынь.
Кастусь Багушэвіч, Радыё Рацыя