Серада, 17 Жнівень 2016

У Наваполацку судзяць сына бабруйскага блогера Алега Мілюкова (Жалнова)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксей Мілюкоў (Жалноў) Аляксей Мілюкоў (Жалноў)

16 жніўня ў судзе гораду Наваполацку распачаўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай на сына бабруйскага блогера Алега Жалнова – Аляксея Мілюкова (Жалнова), які адбывае трохгадовае пакараньне ў Наваполацкай папраўчай установе адкрытага тыпу №15.

Яго перавялі сюды летась у жнiўнi з гомельскай ПУАТ-22 (папраўчая ўстанова адкрытага тыпу). Аляксея абвінавачваюць па артыкуле 415 Крымінальнага кодэксу РБ «Ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі», якое выявілася ў парушэньнях рэжыму ўтрыманьня.

Усяго падчас адбыцьця пакараньня ў папраўчых калёніях адкрытага тыпу зь ліпеня 2014 году да нядаўняга часу Аляксей Мілюкоў (Жалноў) атрымаў 8 спагнаньняў. Бацька Аляксея лічыць, што многія спагнаньні выносіліся па неістотных прычынах, фармальна, з мэтаю паўплываць на бацьку, які выкрываў супрацоўнікаў бабруйскай міліцыі, што парушаюць закон, і зьмяшчаў у сеціве пра гэта відэаролікі.

Нагадаем, у ліпені 2014 году Аляксей Жалноў быў асуджаны на тры гады «хіміі» і атрымаў штраф – 50 мільёнаў рублёў. Суд прызнаў яго вінаватым у нанясеньні маральнай і фізычнай шкоды супрацоўніку ДАІ.

За ходам судовага працэсу назіраюць прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру "Вясна". Судзьдзя Пётар Леўчанка абвясьціў пра пачатак судовага паседжаньня. У залі – прадстаўнік абвінавачваньня, адвакат, прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці Наваполацку, журналісты.  Аляксея Мілюкова трымаюць пад вартай.

Аляксей Мілюкоў адразу заявіў некалькі хадайніцтваў. Адно зь іх –  найбольш істотнае – дапусьціць у якасьці абаронцы па справе у суд свайго бацьку, Алега Жалнова. Суд хадайніцтва не задаволіў. Тады Аляксей Мілюкоў адмовіўся ад паслуг прызначанага адваката і папрасіў час, каб заключыць дамову з адвакатам, якому ён давярае.

Яшчэ адно хадайніцтва тычылася дазволу на вядзеньне відэа– і аўдыёзапісу. У відэазапісу было адмоўлена, а  аўдыёзапіс сваякам абвінавачанага можна весьці і без рашэньня судзьдзі. Аляксей Мілюкоў задаў пытаньне: "Як гэты запіс суд зможа далучыць да матэрыялаў справы, і як яго параўнаць з пратаколам паседжаньня, які вядзе сакратар суду?" Судзьдзя паабяцаў адказаць на гэтае пытаньне на наступным паседжаньні, якое прызначанае на 23 жніўня.

spring96.org