«Што тычыцца заявы Іванова пра ўзбуджэньне крымінальнай справы, пададзенай ва УСК, то аналіз яе зьместу… дае падставы для правядзеньня наконт яе праверкі… на прадмет наяўнасьці-адсутнасьці ў дзеяньнях Іванова прыкметаў складу злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 369, 391, 400 КК Рэспублікі Беларусь», – піша галоўны судзьдзя Першамайскага райсуду кіраўніку сьледчага камітэту. Копію свайго ліста ён накіраваў пракурору Віцебскай вобласьці Генадзю Дыско.
Артыкул 369 Крымінальнага кодэксу (зьнявага прадстаўніка ўлады) прадугледжвае ў якасьці максымальнага пакараньня абмежаваньне волі на тэрмін да 2-х гадоў. Астатнія артыкулы, якія, згодна са старшынём райсуду, парушыў Пётар Іваноў: артыкул 391 – зьнявага судзьдзі (можа карацца абмежаваньнем волі на тэрмін да 3-х гадоў), артыкул 400 – загадзя фальшывы данос (пагражае абмежаваньнем волі да 2-х гадоў).
Нагадаем, 17 красавіка спадар Іваноў быў аштрафаваны судзьдзёй Кісьмярошкінай на 40 базавых велічынь. Іваноў стаў сьведкам затрыманьня актывістаў БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, якія ладзілі акцыю ў падтрымку палітвязьняў, і падаў скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія, паводле ягоных сьцьверджаньняў, зьдзяйсьняючы затрыманьне актывістаў, парушылі правілы дарожнага руху. Паводле яго заявы была ўзбуджаная адміністрацыйная справа, але ў выніку пакаралі не міліцыянтаў, а Іванова – за фальшывае сьведчаньне. А заадно і за супраціў праваахоўнікам, якія яго затрымлівалі. Суд чыніла судзьдзя Кісьмярошкіна, а сьведкамі па справе выступілі… міліцыянты.
Цяпер, здаецца, гісторыя можа паўтарыцца, але ўжо з больш сур’ёзнымі наступствамі для Пятра Іванова. Бо гаворка вядзецца не пра адміністрацыйнае правапарушэньне, а пра крымінальнае злачынства.
«Злачынцы» – менавіта гэтак у сваёй заяве ў Сьледчы камітэт віцебскі змагар за праўду, просячы прыцягнуць іх да адказнасьці, назваў судзьдзю Кісьмярошкіну і тых міліцыянтаў, што сьведчылі супраць яго. Але, на думку старшыні райсуду, «злачынцам», мабыць, зьяўляецца сам Іваноў.
Больш таго, «абразьлівыя фармулёўкі і выказваньні на адрас судзьдзяў, пракурорскіх работнікаў, супрацоўнікаў міліцыі, іх шальмаваньне ў сувязі з ажыцьцяўленьнем імі сваіх службовых абавязкаў у адпаведнасьці зь іх кампэтэнцыяй, вызначанай законам, дыскрэдытуюць ня толькі канкрэтных судзьдзяў і прадстаўнікоў улады, але і ў цэлым падрываюць аўтарытэт праваахоўнай сыстэмы і судовай улады, сьведчаць пра ўсёдазволенасьць і пачуцьцё беспакаранасьці ў Іванова, што ёсьць недапушчальным і павінна цягнуць меры рэагаваньня, прадугледжаныя законам», – гэтак піша старшыня суду начальніку Сьледчага камітэту вобласьці.
Такім чынам, сьледчы камітэт мусіць правесьці разбор па дзьвюх супрацьлеглых заявах: На шалях з аднаго боку заява праўдалюба пра тое, што судзьдзя і міліцыянты – злачынцы, з другога – заява старшыні суду пра тое, што згаданы праўдалюб, магчыма, абгаварыў першых і таму сам злачынца.
Можна здагадацца, як павернецца справа. Тым ня менш варта пачакаць з прагнозамі. Чым усё скончыцца – пакажа найбліжэйшая будучыня. Працяг будзе…