Нагадаем, у сакавіку 2008 году Антаніна Піванос была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасьці нібыта за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства. Актывістка спрабавала абскардзіць спагнаньне, накладзенае тады на яе, прайшла ўсе судовыя інстанцыі – дайшла аж да Вярхоўнага суду Беларусі – і нідзе не змагла дамагчыся справядлівасьці.
Нарэшце Антаніна Піванос зьвярнулася ў КПЧ ААН, які разглядаў яе справу цягам некалькіх гадоў і ў 2012 годзе прызнаў, што ўлады Беларусі, прыцягнуўшы жанчыну да адказнасьці, парушыла яе правы. Згодна з рашэньнем КПЧ, Беларусь як краіна, якая падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох і Факультатыўны пратакол да пакту, абавязаная кампэнсаваць Антаніне Піванос шкоду, якую яна панесла ў выніку несправядлівага пакараньня ў 2008 годзе. Аднак ўлады рашэньне камітэту ААН праігнаравалі. Не абараніў актывістку і суд, у які яна зьвярнулася, каб змусіць дзяржаву выканаць згаданае рашэньне КПЧ.
Антаніна Піванос не зьбіраецца здавацца. Цалкам магчыма, што і зараз яна пройдзе ўсе колы судовай сыстэмы Беларусі, дамагаючыся таго, каб дзяржава выканала свае міжнародныя забавязаньні. Калі ў судох краіны зноў ня ўдасца знайсьці праўду, мабыць, яна зноў зьвернецца ў КПЧ ААН. Калі такое адбудзецца, гэта будзе беспрэцэдэнтны выпадак: здаецца, яшчэ ніхто ня скардзіўся ў камітэт па правох чалавека на тое, што нейкая краіна адмаўляецца выконваць рашэньні камітэту.