– У адпаведнасьці з пастановай, Сарокін Сяргей Аляксандравіч прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці паводле часткі 1 артыкулу 18.16 (за кіраваньне аўтамабілем у п'яным выглядзе) і часткі 10 артыкулу 18.14 (за стварэньне аварыйнай абстаноўкі). Яму прызначанае пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня пасьведчаньня кіроўцы (3 гады за «п'янку» за стырном і 2 – за аварыйную абстаноўку – рэд.), а таксама за абодва парушэньні прызначаны штраф у памеры 116 базавых велічынь – гэта 24 мільёны 360 тысяч рублёў. Сарокін пастанову абскардзіў, – паведаміла прадстаўніца Віцебскага абласнога суду Натальля Платоненка.
Суд разгледзеў скаргу палкоўніка і пакінуў яе без задавальненьня. На думку судзьдзі, вінаватасьць Сарокіна пацьвярджаецца паказаньнямі двух сьведак – Артура Я. і Аліны Б., якія прайшлі апытаньне з выкарыстаньнем паліграфа – у адрозьненьне, нагадаем, ад Сарокіна і яго маці. Паказаньні сьведак, на думку суду, цалкам узгадняюцца адно з адным і не супярэчаць адно аднаму.
Пастанова ДАІ набыла законную моц 26 красавіка.
Як запэўнілі ў МУС, кіраўніцтва ведамства займае прынцыпова строгую пазыцыю ў дачыненьні да супрацоўнікаў, якія ўчынілі такія парушэньні, як, напрыклад, п'янае кіраваньне, – чалавека, які зьдзейсьніў дыскрэдытуючы ўчынак, адназначна і неадкладна звальняюць з органаў унутраных спраў. Менавіта такая доля чакае Сяргея Сарокіна, які, хоць і быў часова адхілены ад выкананьня абавязкаў на час разглядаў, дагэтуль фактычна застаецца начальнікам РАУС Першамайскага раёну Віцебску.
Раней суды гораду Віцебску аштрафавалі за дачу фальшывых паказаньняў па гэтай справе дваіх сьведак з боку палкоўніка Сарокіна: яго маці, Ларысу Сарокіну, а таксама галоўнага бухгальтара КІМу Людмілу Ю. Абедзьвюм жанчынам прызначылі штрафы ў памеры 2,1 мільёну рублёў.
Праверка СК, нанова распачатая 13 красавіка па заяве Ларысы Сарокінай, у якім яна абвінавачвае Артура Я., які затрымаў п'янага кіроўцу, у вымагальніцтве, яшчэ працягваецца.
Нагадаем, вечарам 20 лютага на Маскоўскім праспэкце ў Віцебску Артур Я. і яго дзяўчына Аліна Б., кіроўца Toyota, затрымалі за стырном Hyundai Sonata п'янага начальніка РАУС, забралі ў яго ключы запальваньня і выклікалі ДАІ.
Гэтую сытуацыю палкоўнік Сяргей Сарокін і яго маці-пэнсіянэрка Ларыса Сарокіна трактавалі па-свойму: нібыта за стырном быў не палкоўнік, а ягоная мама, а Артур адабраў ключы ад іх аўто, каб заняцца дарожным вымагальніцтвам.
Агляд у ДАІ паказаў, што палкоўнік быў моцна п'яны – у яго крыві было больш за 2 праміле алькаголю. У дачыненьні да яго былі складзеныя пратаколы за «п'янку» за стырном і стварэньне аварыйнай абстаноўкі.
1 сакавіка ад пэнсіянэркі Ларысы Сарокінай ў Сьледчы камітэт паступіла заява, у якой яна прасіла прыцягнуць пасажыра Toyota Артура да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу «Вымагальніцтва».
Праведзеная СК праверка паказала, што ў дзеяньнях пасажыра «Таёты» адсутнічаў склад злачынства, таму ў распачынаньні крымінальнай справы пэнсіянэрцы было адмоўлена, аднак 13 красавіка праверка зноў была адноўленая.
18 красавіка суд Чыгуначнага раёну Віцебску разгледзеў справу ў дачыненьні да ключавога сьведкі гэтай гісторыі – маці палкоўніка Ларысы Сарокінай. Яе прызналі вінаватай у дачы фальшывых паказаньняў і прызначылі 2,1 мільёну штрафу. Такое самае рашэньне 29 красавіка было вынесенае ў дачыненьні да яшчэ адной сьведкі – Людмілы Ю., галоўнай бухгальтаркі віцебскага КІМу.