Серада, 28 Май 2014

Вярхоўны Суд адмаўляецца разглядаць наглядныя скаргі (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Холад Аляксандар Холад

Жыхар Віцебску Аляксандар Холад зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы са скаргай. У сваім звароце Холад паведамляе галоўнаму судзьдзю краіны пра адвольнае пакіданьне без разгляду намесьнікам старшыні ВС Андрэем Забарам і першым намесьнікам старшыні ВС Аляксандрам Федарцовым ягоных наглядных скаргаў на пастанову суду Чыгуначнага раёну Віцебску і просіць аднавіць яго канстытуцыйнае права на доступ да суду.

Зьвяртаючыся ў Вярхоўны суд, Аляксандар Холад хацеў адмяніць несправядлівае, на ягоную думку, рашэньне суду Чыгуначнага раёну Віцебску, вынесенае яшчэ ў студзені 2013 году. Гэтай пастановай судзьдзя Сьвятлана Варатынская ў закрытым судовым паседжаньні задаволіла грамадзянскі пазоў па абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі былога дырэктара сярэдняй школы №27 Віцебску Ірыны Ісачанка. Паводле вэрдыкту суду, Холад быў абавязаны выплаціць І. Ісачанка грашовую кампэнсацыю маральнай шкоды ў суме 3 млн. рублёў і іншыя выдаткі суду і пазоўніка ў памеры 2,5 млн. рублёў.

Аднак спадар Холад не пагадзіўся з рашэньнем суду. Ён сьцьвярджае, што ня меў намеру зьняважыць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыі І. Ісачэнка, калі зьвяртаўся зь пісьмовымі заявамі ў рэдакцыі газэт «Звязда», «Советская Белоруссия» і ў адрас адміністрацыі прэзыдэнта краіны. Ён толькі паведаміў журналістам і ў адміністрацыю пра тое, што, знаходзячыся на пасадзе дырэктара СШ №27, І. Ісачанка займалася падробкай дакумэнтаў на правядзеньне факультатываў па прадметах «сальфэджыё» і «хор», і частка грашовых сродкаў за нявыкананую працу вярталася ёй.

Тым не менш ані касацыйная інстанцыя, ані нагляд з боку старшыні Віцебскага абласнога суду Мікалая Хамічонка ня выявілі ў дзеяньнях і ў пастанове судзьдзі Варатынскай парушэньняў дзейнага заканадаўства і пакінулі яго бязь зьменаў, а скаргі Холада без задавальненьня.

Намесьнік старшыні ВС Андрэй Забара і першы намесьнік старшыні ВС Аляксандар Федарцоў наогул адмовіліся разглядаць наглядныя скаргі віцебскага актывіста з той прычыны, што, на іх думку , у тэкстах яго скаргаў зьмяшчаліся абразьлівыя словы і выразы. Больш таго, скаржнік быў папярэджаны Федорцовым пра тое, што ў далейшым у выпадку накіраваньня ім у Вярхоўны суд скаргаў і зваротаў, якія зьмяшчаюць абразьлівыя або паклёпніцкія выразы на адрас правасудзьдзя ці канкрэтных судзьдзяў, ліставаньне зь ім весьціся ня будзе.

Аднак дзеючая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і шэраг міжнародных дамоваў наўпрост кажуць пра недапушчальнасьць пазбаўленьня беларускіх грамадзян доступу да правасудзьдзя. Бо бяз доступу да суду ня можа быць вяршэнства права, якое зьяўляецца паказчыкам цывілізаванасьці і разьвітасьці судовай сыстэмы любой краіны.

Зыходзячы з гэтага, Аляксандар Холад накіраваў скаргу старшыню Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь Валянціну Сукалу з надзеяй, што галоўны судзьдзя краіны, як ніхто іншы, разумее важнасьць доступу грамадзян да справядлівага, незалежнага і кампэтэнтнага суду. І гэтае разуменьне прывядзе да скасаваньня неправасудных судовых рашэньняў і да разгляду яго нагляднай скаргі ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.