Аўторак, 09 Ліпень 2019

У аблсудзе працягваецца працэс, на якім могуць вынесьці сьмяротны прысуд

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У Віцебскім абласным судзе працягваецца слуханьне рэзананснай справы, распачатай у дачыненьні да жыхара Віцебскага раёну Віктара Паўлава. Яго абвінавачваюць у жорсткім забойстве дзьвюх пэнсіянэрак у вёсцы Прысушына. Як мяркуюць праваабаронцы, у выпадку, калі віна мужчыны будзе даказаная, яго могуць асудзіць на расстрэл.

На судовым пасяджэньні, якое прайшло 8 ліпеня, распачаўся разгляд пісьмовых доказаў крымінальнай справы. Цягам некалькіх гадзінаў пракурор Віталь Суздальцаў зачытваў пастановы і дакумэнты, якія знаходзяцца ў матэрыялах справы.

Акрамя карэспандэнта “Віцебскай Вясны”, у судовай залі прысутнічала жанчына, якая прадстаўляла бок пацярпелых. Яна расказала, што прыйшла паглядзець, як ідзе працэс, і што вельмі спадзяецца на справядлівы вырак.

Падчас перапынку атрымалася пагутарыць і з пракурорам. На ягоную думку, працэс зацягнецца, а калі будзе вынесенае канчатковае рашэньне – цяжка сабе ўявіць.  

“Я нават дакладна вам не скажу, якое гэта па ліку судовае паседжаньне: ці то сёмае, ці то восьмае, – прызнаўся ён.

Нагадаем, слуханьне справы пачалося 24 чэрвеня пад старшынёўствам судзьдзі Яўгена Даўлюда. Супраць Віктара Паўлава выстаўленыя абвінавачаньні паводле ч.3 арт.207 КК (Разбой) і ч.2 арт.139 (Забойства). На першым судовым пасяджэньні ён часткова прызнаў сваю віну (абвінавачваньні ў разбоі адхіліў).

Слуханьні справы прадоўжыліся 9 ліпеня.

Уладзімер Бяляўскі