Аўторак, 03 Красавік 2018

У Воршы прайшла дыскусія па праблеме сьмяротнага пакараньня ў Беларусі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З аршанцамі сустрэўся каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня” Андрэй Палуда, які прэзэнтаваў комікс “Мама, гэта я”. Жыхары Воршы прадставілі землякам і ўласныя творчыя напрацоўкі на тэму сьмяротнага пакараньня.

Так, аршанец Аляксандар Макарэвіч прэзэнтаваў аўдыторыі свой новы верш. Ён ня проста зачытваў твор, як звычайна робяць паэты, а ператварыў усю дзею ў флэшмоб, пры канцы якога разарваў на кавалкі партрэт Яжова, кіраўніка НКВД СССР у 1930-я гады, за часам якога мільёны грамадзянаў былі прысуджаныя да сьмерці.

Галоўны арганізатар аршанскай сустрэчы, мясцовы актывіст Ігар Казьмярчак адзначыў, што менавіта творчы ўдзел тутэйшых жыхароў ёсьць адметнай рысай дыскусіі, якая адбылася 28 сакавіка:

“Мы арганізоўваем дыскусіі на тэму сьмяротнага пакараньня не ўпершыню, але якраз гэтая адрозьніваецца ад ранейшых. Апроч хіба коміксу “Мама, гэта я”, прадстаўленага Андрэем Палудам, аршанцы ўбачылі творчасьць сваіх землякоў. Гэта фільм аршанскага рэжысэра Віктара Трацьцякова «Убыл по приговору» – такую фармулёўку можна сустрэць у пасьведчаньнях аб сьмерці асуджаных да сьмяротнай кары. Верш, прысьвечаны гэтай жа праблематыцы, прэзэнтаваў гледачам аршанскі паэт Аляксандар Макарэвіч”.


Ігар Казьмярчак

На думку Ігара Казьмерчака, наяўнасьць сьмяротнага пакараньня ў беларускім заканадаўстве дужа актуальная ў сфэры грамадзкіх дыскусіяў. Актывіст мяркуе, што яна ня траціць сваёй актуальнасьці празь недасканаласьць працы сьледчых і судовых органаў, калі асудзіць на сьмерць могуць невінаватага. А таксама праз тое, што пад сьмяротны прысуд у сучасных умовах можна “падвесьці” і палітычных апанэнтаў, і асабістых непрыяцеляў. А выкананьне гэтага прысуду ужо не падлягае адмене, бо чалавечае жыцьцё ня вернеш…

Менавіта ў сілу эмацыйнага стаўленьня да праблемы каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня” Андрэй Палуда лічыць, што адмена сьмяротнай кары павінна быць выключна палітычным рашэньнем:

“Апошнім часам у грамадзтве назіраецца неабыякавае стаўленьне да наяўнасьці сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Але мы з калегамі мяркуем, што яго адмена павінна быць прадметам для дыскусіяў, і ні ў якім разе яно ня мусіць вырашацца праз рэфэрэндум. Бо на грамадзкую думку вельмі ўплывае прапаганда. Калі чалавек паслухае высновы праваабаронцаў, пагодзіцца зь імі – гэта адно. І зусім іншае ўражаньне па пытаньні “адмяніць ці не адмяніць” будзе ў чалавека, які суткамі глядзіць па тэлебачаньні “Зону Х” ці іншыя праграмы, дзе дэманструюцца розныя жорсткасьці… Таму адмена сьмяротнага пакараньня – гэта мусіць быць рашэньне на ўзроўні кіраўніцтва краіны, гэта палітычнае рашэньне”.


Андрэй Палуда

Актыўны ўдзел у дыскусіі ўзялі амаль што ўсе прысутныя, якіх было каля двух дзясяткаў. Гучалі меркаваньні пра тое, што да праяваў сьмяротнага пакараньня належаць і масавыя палітычныя рэпрэсіі часоў сталінізму. І што на сёньня вядома шмат фактаў загубы бязьвінных людзей з прычыны недасканалага дасьледаваньня крымінальных справаў. І што сьмяротнае пакараньне “б’е” ня толькі па ахвяры – але і па яе сваяках, якія вымушаныя цярпець нематываваныя маральныя пакуты, зьвязаныя з тым, што ні цела пакаранага не выдаецца, ні месца пахаваньня не паведамляецца самым блізкім людзям.

Пакуль сьмяротная кара ў Беларусі будзе прысутнічаць у заканадаўстве як вышэйшая мера пакараньня за злачынства, пытаньне яе наяўнасьці або адмены нязьменна будзе прадметам для дыскусіі ў грамадзтве, пагадзіліся прысутныя.

Генрых Сухадольскі